Што адказала Ярмошына наконт пікетавання «Поедем Поедим»?
Абаронца Курапатаў Валерый Рабцаў падчас вылучэння кандыдатаў у дэпутаты неаднаразова спрабаваў збіраць подпісы за сваё вылучэнне каля рэстарана «Поедем Поедим». Аднак атрымлівалася гэта ў яго не заўсёды.
«Адміністрацыя дадзенага рэстарана неаднаразова без якога-небудзь папярэджання збірала мае рэчы, прызначаныя для збору подпісаў (падпісныя лісты і інфармацыйную прадукцыю) і выкідвала іх за плот, які акружае рэстаран», — распавядае Рабцаў.
Акрамя таго, за адзін з выбарчых пікетаў каля рэстарана ініцыятыўнай групе Рабцава было вынесена папярэджанне.
На яго думку, ён не парушаў выбарчае заканадаўства, таму што Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў №24 "Аб тлумачэнні прымянення палажэнняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (пункт 9), прадугледжана што "збор подпісаў выбаршчыкаў можа ажыццяўляцца ў форме пікетавання. Атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання для ўказаных мэтаў не патрабуецца, калі яно праводзіцца ў месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі".
Ён звярнуўся за тлумачэннямі да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай. Ён прасіў растлумачыць парадак карыстання тэрыторыяй, прылеглай да рэстарана «Поедем Поедим», уключаючы тэрыторыю абгароджаную плотам, у мэтах збору подпісаў.
Ярмошына адказала, што ў дадзеным выпадку дзейнічае іншы парадак правядзення пікету, таму што «Поедем Поедим» з'яўляецца прыватнай тэрыторыяй.
«Праводзіць пікетаванне па зборы подпісаў на тэрыторыі, якая належыць рэстарану, Вы маеце права толькі з дазволу яго адміністрацыі», — патлумачыла старшыня ЦВК.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.