Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: прадстаўнікі АГП аспрэчвалі ў судзе сваё неўключэнне ў склад УВК

Адміністрацыя Ленінскага раёна Бабруйска. Фота: wiki.bobr.by
Адміністрацыя Ленінскага раёна Бабруйска. Фота: wiki.bobr.by

Бабруйская гарадская арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі падала ў суд на адміністрацыю Ленінскага раёна горада з нагоды неўключэння прадстаўнікоў АГП ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Як паведамляе «Бабруйскі кур'ер», 7 кастрычніка скаргу разгледзелі. Вердыкт: рашэнне адміністрацыі пакінуць без змены, скаргу без задавальнення. Рашэнне суда абскарджанню або апратэставанню не падлягае.

Пасяджэнне адміністрацыі Ленінскага раёна Бабруйска, на якім былі прызначаныя ўчастковыя выбарчыя камісіі па выбарчых акругах №№ 78 і 80 прайшло 1-га кастрычніка. Спіс сваіх кандыдатаў для ўваходжання ў склад гэтых органаў накіравала і бабруйская гарадская структура АГП. Аднак не адзін з іх не прайшоў.

На судзе кіраўніца бабруйскай суполкі партыі Галіна Смірнова заўважыла, што прычыны адмовы, якімі абгрунтоўвае свае дзеянні адміністрацыя - надуманыя і абсурдныя. Чыноўнікі сцвярджалі, што ў апазіцыянераў няма досведу працы ў камісіях і што яны доўгі час нідзе не працаўладкаваны.

Аднак Галіна Смірнова аспрэчвае такія сцвярджэнні. Актывістка заўважыла, што члены адміністрацыі, прызначаем ўчастковыя камісіі, ніяк не маглі ведаць, хто (і колькі) з прадстаўнікоў партыі не працаваў. Да таго ж 1-га кастрычніка, падчас прызначэння участковых камісій, супрацоўнікі адміністрацыі не мелі ніякіх дадзеных пра досвед працы ў іх апазіцыянераў - са спісу АГП. Пра гэта нават гаварылася падчас «галасавання». А потым адміністрацыя сцвярджала, што ўсе гэтыя людзі не маюць вопыту працы ва ўчастковых камісіях.

Галіна Смірнова ўпэўненая, што члены адміністрацыі раёна стваралі толькі выгляд правядзення галасавання.

Прадстаўнікі адміністрацыі Ленінскага раёна сцвярджаюць, што працэдура прызначэння участковых выбарчых камісій прайшла ў адпаведнасці з заканадаўствам. Яны запэўніваюць, што склад камісій сфармаваны ў адпаведнасці з артыкулам 34 Выбарчага кодэкса. А там гаворыцца, што не менш за адну трэць у сфармаваных калегіяльных органах павінны быць прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў.

Як аказалася, гэтую «траціну» складаюць прадстаўнікі «Белай Русі», БРСМ, Беларускага саюза жанчын, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, «Беларускага фонду міру», Камуністычнай партыі Беларусі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары».


Каментары