Магілёў: Назіральнік аспрэчвае забарону на ўдзел у праверцы подпісаў выбаршчыкаў
Доўгатэрміновы назіральнік з Магілёва Барыс Бухель абскардзіў дзеянні старшыняў АВК №№86 і 87 у Магілёўскую абласную выбарчую камісію.
Ён лічыць, што забарона назіраць за праверкай подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах парушае прынцып галоснасці і адкрытасці пры правядзенні выбарчай кампаніі.
Барыс Бухель прысутнічаў 8 кастрычніка на пасяджэннях акруговых выбарчых камісій Магілёўскай - Кастрычніцкай выбарчай акругі № 86 і Магілёўскай - Прамысловай выбарчай акругі № 87 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у якасці назіральніка.
У канцы гэтых пасяджэнняў ён вусна звяртаўся з просьбай дазволіць назіраць за праверкай подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах і адпаведных ім дадзеных на любым этапе праверкі. Аднак старшынямі абедзвюх камісій, АВК №86 Кажамякіным А.К. і АВК №87 Капенкіным Т.А. без пастаноўкі пытання на галасавання яму ў катэгарычнай форме было адмоўлена на той падставе, што згодна з арт.13 ВК назіраць можна толькі на пасяджэннях камісій, а праверка подпісаў гэта ўжо працоўны працэс і таму назіраць за працай рабочых груп ён не мае права.
Барыс Бухель нагадвае, што на мінулых выбарах назіральнікам дазвалялі назіраць за праверкай подпісаў на любой стадыі і тады члены абедзвюх камісій не прымалі ніякага ўдзелу ў абмеркаванні гэтага пытання.
У скарзе назіральнік таксама паказвае, што калегам-назіральнікам А. Колчыну і А. Буракову (АВК №85 і АВК №88 адпаведна) у той жа дзень, 8 кастрычніка, было дазволена прысутнічаць на любым этапе праверкі подпісаў.
Названыя факты сведчаць аб адсутнасці аднастайнасці ў дзейнасці АВК аднаго горада.
У сваёй скарзе назіральнік просіць «абавязаць АВК №86 і АВК №87 праверку подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах і адпаведных ім дадзеных праводзіць толькі ў форме пасяджэнняў камісій».
«Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале