“Перашкаджаў сваёй прысутнасцю…” Як абласная камісія разбірала дзейнасць свайго сябра Паўла Левінава
12 кастрычніка ў будынку Віцебскага аблвыканкама адбылося пасяджэнне абласной выбарчай камісіі. На ім прысутнічала 11 сябраў камісіі і 7 назіральнікаў, у тым ліку двое інвалідаў-вазочнікаў.
Камісія працавала 4 гадзіны, але больш за палову гэтага часу пайшло на разбор дзейнасці сябра выбаркаму і праваабаронцы Паўла Левінава. Падрабязнасці распавядаедоўгатэрміновы назіральнік Леанід Свецік.
“Перашкаджаў сваёй прысутнасцю…”
Так, паводле інфармацыі “Віцебскай вясны”, прэтэнзіі да Паўла Левінава з боку астатніх сябраў камісіі заключаліся ў тым, што ён без дазволу камісіі і яе старшыні Дзмітрыя Хомы актыўна наведвае акруговыя камісіі, правярае дзяжурствы акруговых камісій у межах Віцебскай вобласці, кантралюе выкананне імі дзейнага выбарчага заканадаўства.
З заяваў, якія паступілі ў абласную камісію, вынікала, што Левінаў сваёй прысутнасцю перашкаджаў працы акруговых камісій, паводзіў сябе груба і бесцырымонна, крытыкаваў работу камісій і выказваў сумневы ў правільнасці прынятых рашэнняў.
Пасяджэнне перанеслі ў будынак аблвыканкаму, інакш людзі з інваліднасцю на яго папросту б не патрапілі - не праехалі б у вазку праз брамку...
Павал Левінаў пагадзіўся з тым, што сапраўды эмацыйна рэагаваў на выяўленыя ім памылкі і недахопы працы акруговых камісій, але запэўніў, што не паводзіў сябе груба і задзірліва.
“Гэтыя суб'ектыўныя меркаванні старшыняў акруговых камісій не знаходзяць рэальнага пацьверджання. Яны б былі аб’ектыўнымі доказамі маіх неправамерных паводзінаў, калі б заявы былі пацверджаныя аўдыё- і відэаматэрыяламі. Але ўсе камісіі забаранілі вядзенне відэафіксацыі сваіх пасяджэнняў. Між тым, наяўнасць такой магчымасьці аб’ектыўна даказвала б той ці іншы факт парушэнняў заканадаўства і нормаў прыстойнасці як з боку кіраўніцтва і сябраў камісіі, так і з боку назіральнікаў ды іншых суб’ектаў выбарчага працэсу”, – адказаў на прэтэнзіі Павал Левінаў.
Чарговы “спіс Левінава”
Левінаў таксама выказаў меркаванне, што сябры абласной выбарчай камісіі недастаткова актыўна вядуць маніторынг працы АВК, абмяжоўваючы яго толькі дзяжурствамі ў памяшканні камісіі. Пры гэтым за поўны дзень дзяжурства атрымліваюць узнагароду ў суме 60 рублёў.
Ён зрабіў прапанову ўсім сябрам камісіі даць справаздачу аб праведзенай працы ад моманту ўтварэння абласной камісіі. Прапанову гэтую адхілілі. Вырашылі, што вынікі працы абласной камісіі будуць падведзеныя ўжо пасля завяршэньня выбараў.
Тым ня менш сам Левінаў, з дазволу камісіі, зачытаў сваю справаздачу аб праведзенай ім працы. Падчас выступу ён агучыў спіс з 14 цяперашніх прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, якія, як мяркуе Левінаў, хутчэй за ўсё і стануць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў ад Віцебскай вобласці. У прыватнасці, ад горада Віцебска, паводле спісу Левінава, у Палату пройдуць Віктар Нікалайкін (АВК №17), Тацяна Аўтухова (АВК №18), Сьвятлана Горваль (АВК №19) і Аляксей Ягораў (АВК №20).
“Расейская мова нам “раднейшая” за беларускую…”
Апроч таго, Павал Левінаў заклікаў сябраў камісіі зьвярнуцца да адміністратара сайту Віцебскага аблвыканкаму з патрабаваннем, каб асвятленне выбараў адбывалася на дзьвюх мовах – беларускай і рускай.
Старшыня камісіі Дзмітрый Хома запярэчыў, што адсутнасць беларускамоўных паведамленняў аб ходзе выбарчай кампаніі не парушае выбарчае заканадаўства. А сакратара камісіі Святланы Ільюшчанка выказалася ў тым сэнсе, што Віцебшчына знаходзіцца блізка да Расеі, і таму расейская мова нам “раднейшая” за беларускую. У выніку ўсе прысутныя сябры камісіі, акрамя Левінава, прагаласавалі за адзіны расейскамоўны варыянт паведамленняў на сайце і, па сутнасці, за дыскрымінацыю беларускамоўных жыхароў рэгіёну.
2 мільёны рублёў з бюджэту – толькі на працу камісій
Таксама аднагалосна камісія прагаласавала за тое, каб задаволіць просьбу Паўла Левінава, які адмовіўся атрымліваць належную яму грашовую ўзнагароду за працу ў камісіі. Сваю адмову Левінаў патлумачыў велізарнай дзяржаўнай пазыкай і дадатковай нагрузкай на бюджэт, якая ўзнікае падчас выбарчай кампаніі.
На думку Паўла Ісакавіча, сябры камісій усіх узроўняў павінны працаваць як валанцёры – бясплатна. Атрымліваючы ўзнагароду за працу ў камісіях, яе сябры становяцца залежнымі ад волі дзяржавы, гэта спараджае ў выбарцаў падазрэнні ў аб’ектыўнасці вынікаў кампаніі.
Сумы, дарэчы, істотныя. Толькі на забеспячэнне ўчастковых камісій у Віцебску з бюджэту пойдзе 470 тысяч рублёў, а ў межах Віцебскай вобласьці – 2 мільёны!
Аднак працаваць у камісіях бясплатна, як Левінаў, сябры абласной камісіі адмовіліся.
Зніклі пратаколы пасяджэнняў
Старшыня абласной выбарчай камісіі Дзьмітрый Хома паведаміў прысутным пра факт знікнення аж чатырох пратаколаў паседжанняў і аднаго друкаванага “Практычнага дапаможніка” для тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій. Па гэтым факце быў складзены адпаведны акт. Па словах Хомы, гэтае надзвычайнае здарэнне кідае цень на ўсіх сябраў камісіі. Заклікаў сябраў вярнуць дакумэнты. Кіраўніцтва камісіі пакуль ня выказала намеру заявіць у праваахоўныя органы аб знікненні папер.
Наступнае пасяджэнне Віцебскай абласной выбарчай камісіі адбудзецца 20 кастрычніка. На ім будуць разгледжаныя вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты беларускага парламента.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале