Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Ці будзе ў кандыдатаў больш магчымасцяў для агітацыі? Разбіраемся на прыкладзе Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Раман Юргель (Гродна) і Сяржук Русецкі (Бяроза) параўналі рашэнні аб месцах для перадвыбарчай агітацыі ў Гродне і Бярозе ў цяперашнім 2019 годзе і ў 2016-ым і прыйшлі да высновы, што рашэнні 2019 года значна ліберальней.

Рашэнне Гродзенскага гарвыканкама "Аб вызначэнні месцаў для правядзення кандыдатамі ў дэпутаты сустрэч з выбаршчыкамі, масавых мерапрыемстваў, месцаў для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў" дазваляе кандыдатам у дэпутаты праводзіць сустрэчы, масавыя мерапрыемствы ў паведамляльным парадку з выбаршчыкамі ў большай колькасці месцаў. 

piiket_grodna__racija.jpg
Пікет па зборы подпісаў у Гродна. Фота "Радыё Рацыя"

Што памянялася ў Гродне ў лепшы бок у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2016 году?

  • у рашэнні 2019 года масавыя мерапрыемствы (сходы па-за памяшканняў, мітынгі, пікетаванні), кандыдатам у дэпутаты, іх давераным асобам можна праводзіць у Гродне ў любых прыдатных для гэтых мэтаў месцах на тэрыторыі горада, за выключэннем тэрыторый на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў пракуратуры, устаноў адукацыі і аховы здароўя, чыгуначнага вакзалу і аўтавакзала. У адрозненне ад 2016 г. можна праводзіць мерапрыемства таксама і на прыпынках грамадскага транспарту, а таксама на вул. Савецкай і пл. Леніна;
  • у рашэнні 2019 года не пазначаны час правядзення масавых мерапрыемстваў, а ў 2016 час быў з 8:00 да 21:00;
  • для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі зараз можна выкарыстоўваць актавыя залі ўсіх дзярж. устаноў адукацыі ў пазавучэбны час. У 2016 годзе ж былі прадастаўлены залі устаноў толькі сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Таксама для сустрэч з выбаршчыкамі прадастаўляюцца канцэртныя залі, чаго не было ў 2016 годзе;
  • у 2019 годзе вітрыны аб'ектаў гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва (па ўзгадненні з уласнікам аб'екта) можна выкарыстоўваць для размяшчэння друкаваных агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў, чаго не было ў 2016 годзе.

Таксама Раман Юргель адзначыў, што ўсе рашэнні аб месцах для агітацыі па раёнах Гродзенскай вобласці нічым не адрозніваюцца ад рашэнняў на папярэдніх парламенцкіх выбарах.

Берасцейшчына: нельга агітаваць каля тэлерадыёкампаніі і консульстваў

У Брэсце агітаваць дазволілі ва ўсіх прыдатных месцах акрамя плошчы Леніна; тэрыторыі Брэсцкай крэпасці; месцаў на адлегласці менш за 20 метраў ад устаноў адукацыі і аховы здароўя, будынкаў аблвыканкама і гарвыканкама, раённых адміністрацый, абласной і гарадской пракуратуры, УУС, раённых АУС, ваенных камісарыятаў, Брэсцкага абласнога суда, аддзелаў КДБ, Следчага камітэта, аддзелаў Дэпартамента аховы, МНС, тэлерадыёкампаніі «Брэст». Таксама нельга агітаваць каля консульстваў РФ, Украіны, Польшчы і Казахстана.

У Бярозаўскім раёне падчас бягучай выбарчай кампаніі масавыя мерапрыемствы дазволена праводзіць у любых прыдатных месцах, за выключэннем месцаў, якія знаходзяцца на адлегласці менш за 20 метраў ад будынкаў Бярозаўскага райвыканкама, Белаазёрскага гарвыканкама, суда, пракуратуры, аддзелаў УКДБ, унутраных спраў, міліцыі. У 2016 годзе забароненая адлегласць ад гэтых жа будынкаў была 50 метраў. Да таго ж, забаранялася агітацыя на цэнтральных плошчах Бярозы і Белаазёрска. Зараз жа агітацыя на плошчах дазволена. 

Пікет па зборы подпісаў у Бярозе
Пікет па зборы подпісаў у Бярозе

Праводзіць сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі, а таксама перадвыбарчы сходы ў Бярозаўскім раёне ў гэтым годзе можна у палацы культуры, актавай зале спажывецкага таварыства, Белаазёрскім доме культуры і 25 філіялах сельскіх дамоў культуры і клубаў. У 2016 годзе быў іншы палац культуры на ўскраіку Бярозы, але была яшчэ актавая зала раённай бальніцы, якой цяпер у спісе няма.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары