Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гомель: на пасяджэнні АВК-31 адна адмова і чатыры рэгістрацыі

Адміністрацыя Чыгуначнага раёна Гомеля
Адміністрацыя Чыгуначнага раёна Гомеля

Пасяджэнню акруговай выбарчай камісіі №31 у актавай зале адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля 17 кастрычніка папярэднічала нечаканая перапалка паміж блогерам Арцёмам Шапаравым і кандыдатам Юрыем Ганцэвічам. Абодва з відэакамерай і планшэтам наперавес пераконвалі адзін аднаго ў сваім праве знаходзіцца на пасяджэнні камісіі. У выніку, як паведамляе "Гомельская вясна", сакратар камісіі настойліва папрасіла Шапарава выдаліцца з залы. Арцём апеляваў да прынцыпу адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу, але камісія спаслалася на выбарчы кодэкс, які не прадугледжвае магчымасць прысутнасці на пасяджэнні камісіі відэаблогера.

Пасля сыходу Шапарава з залы, камісія па чарзе зарэгістравала ў якасці кандыдатаў Юрыя Ганцэвіча (беспартыйны), Віталя Уткіна (беспартыйны), Сяргея Гапоненку (ЛДПБ) і Уладзіслава Фясенку (РППС). З прэтэнзій з боку камісіі да кандыдатаў можна згадаць нязначную колькасць прызнаных несапраўднымі подпісаў у Юрыя Ганцэвіча і Віталя Уткіна, а таксама суму даходу ў 651 рубель, якую не ўнёс у дэкларацыю кандыдат ад ЛДПБ Сяргей Гапоненка. Гэтыя парушэнні былі прызнаныя камісіяй нязначнымі і чатыры кандыдаты былі зарэгістраваныя.

Адмову ў рэгістрацыі атрымаў Валерый Сляпухін, якога вылучыла ў якасці кандыдата грамадскае аб'яднанне «Рух за свабоду». Камісія спаслалася на магчымасць вылучэння кандыдатамі толькі прадстаўнікоў палітычных партый.

Перыяд агітацыі - апошні этап перад пачаткам галасавання, якое ўключае ў сябе датэрміновае галасаванне (пачнецца 12 лістапада) і галасаванне ў асноўны дзень выбараў (17 лістапада).

Андрэй Стрыжак, назіральнік ад кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары».


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары