Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Камісія №20 “забракавала” двух прэтэндэнтаў: Наталля Шарыпа – па-за гульнёй

Наталля Шарыпа
Наталля Шарыпа

Як паведамляе "Віцебская Вясна", актывістку “Матчынага руху 328” Наталлю Шарыпу не зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20. За бортам выбарчай кампаніі апынуўся і сацыял-дэмакрат Алег Філеня. Затое ў подпісах рэктара ВДУ Аляксея Ягорава камісія не знайшла аніводнай памылкі…

У чацвер, 17 кастрычніка, выбарчая камісія Віцебскай-Кастрычніцкай акругі №20 правяла сваё чарговае паседжанне. Цягам гадзіны сябры камісіі рэгістравалі кандыдатаў у дэпутаты, размяркоўвалі эфірны час для выступаў, вызначаліся з фарматам агітацыйных плакатаў і бюлетэняў для галасавання.

Было сем – стала пяць

З сямі прэтэндэнтаў у кандыдаты камісія зарэгістравала толькі пецярых.

Адмовілі ў рэгістрацыі Алегу Філеню – вылучэнцу ад апазыцыйнай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Прычына адмовы – неадпаведнасьць фактычна атрыманых дадзеных тым дадзеным, якія ён абвясціў у дэкларацыі.

Не зарэгістравалі ў якасці кандыдаткі і самавылучэнку Наталлю Шарыпу, якая сабрала каля 1,5 тыс. подпісаў. У рэгістрацыі ёй адмовілі праз тое, што ў подпісах, сабраных яе ініцыятыўнай групай, нібыта “ўтрымліваюцца дадзеныя, якія не адпавядаюць рэчаіснасці”.

Як высветлілася, знайсці гэтыя памылкі акруговай камісіі дапамагалі Віцебскае ўпраўленне судовых экспертыз і аддзел міграцыі АУС Кастрычніцкага раёну. Сцвярджалася, што правяралі подпісы і самі сябры камісіі: абыходзілі кватэры тых, хто падпісаўся за Наталлю Шарыпу.

“На жаль, мне, як назіральніку, выбарчая камісія не дазволіла прысутнічаць падчас працэдуры праверкі сапраўднасці подпісаў выбарцаў у падпісных лістах. Таму асабіста ў мяне маюцца падставы сумнявацца ў тым, што праверка сапраўднасці подпісаў, пададзеных Наталляй Шарыпай, была праведзеная бесстаронне і ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзейнага выбарчага заканадаўства”, – адзначыў назіральнік Леанід Свецік.

Ён лічыць вельмі дзіўным, што ў кандыдата ў дэпутаты рэктара ВДУ Аляксея Ягорава (прамога канкурэнта Шарыпы ў выпадку яе рэгістрацыі) праверка не выявіла аніводнага (!) памылковага подпісу. 

Удзельнічаць у тэледэбатах гатовы толькі камуніст

Між тым, без асаблівых праблем камісія зарэгістравала кандыдатам вылучэнца ад беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Яўгена Інца. Атрымае неўзабаве мандат кандыдата і першы сакратар гарадскога камітэту БРСМ Тацяна Красакова, якую вылучалі працоўныя калектывы віцебскай гімназіі №3 і СШ №34.

Без праблем прайшоў праз “чысцец” акруговай камісіі і быў зарэгістраваны (пры адзінагалоснай згодзе яе сябраў) і дырэктар прадпрыемства “ВітНам” Віталь Фамін. Ён вылучаўся ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДП).

Зарэгістраваным ужо кандыдатам паведамілі, што 1 лістапада ад 19-й гадзіны на тэлеканале “Беларусь 3” будуць транслявацца іх праграмныя выступы. Паўдзельнічаць жа ў тэледэбатах выказаў жаданне толькі адзін кандыдат у дэпутаты – беларускі камуніст Сяргей Нішчыменка.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары