Ніхто з Руху "За Свабоду" не стаў кандыдатам у Мінску
Рух “За свабоду” на сваёй канферэнцыі вылучыў кандыдатамі ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў 55 чалавек. Некаторыя з іх падаваліся не толькі ад Руху, але і шляхам збору подпісаў грамадзянаў, а таксама ад іншых палітычных партый.
Дзесяць прэтэндэнтаў у кандыдаты падалі свае дакументы ў Мінску. І ні адзін з іх не быў зарэгістраваны, паведамляецца на сайце Руха. Сярод незарэгістраваных кандыдатаў старшыня Руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч і ягоны намеснік Віктар Янчурэвіч, якія вылучаліся таксама зборам подпісаў.
Паседжанне выбаркама 107 Усходняй акругі, дзе вылучаўся Губарэвіч, прайшло 17 кастрычніка. Пад час разгляду члены камісіі агучылі, што знойдзеныя недаставерныя подпісы «па розных падставах Выбарчага кодэксу». Прычым, прычыны агучаныя не былі.
68 подпісаў прызнала несапраўднымі выбарчая камісія Партызанскай 110 акругі у Віктара Янчурэвіча. У асноўным, як распавёў кандыдат, сярод прэтэнзіяў — несупадзенне нумароў пашпартоў, што можа быць тэхнічнай памылкай, і адрасоў рэгістрацыі.
«Па акрузе ўсе кандыдаты, што ішлі шляхам збору подпісаў, атрымалі адмовы ў рэгістрацыі. Акрамя праўладнага, які быў прадубляваны вылучэннем ад працоўнага калектыву. Подпісы даюць падставы распраўляцца з неўгоднымі кандыдатамі. Пры гэтым менавіта збор подпісаў — гэта наўпроставая камунікацыя з людзьмі, якая дэманструе давер і падтрымку сярод выбаршчыкаў», — пракаментаваў рашэнне камісіі намеснік старшыні Руху.
Некалькі вылучэнцаў таксама не былі зарэгістраваныя праз памылкі ў дэкларацыях. У сябра Руху «За Свабоду» Аляксандра Русевіча, які вылучаўся па 108 Каліноўскай акрузе ў Мінску, «знайшлі» «Запарожац», які быў прададзены яшчэ ў 90-ых гадах.
«Хто трэба ўладам, той прайшоў. А тут недакладнасць у дэкларацыі замест яе выпраўлення выкарыстоўваецца, як падстава: ёсць памылка, ёсць праз што не ўзяць незалежнага кандыдата. І не ўзялі», — пракаментавала адмову ў рэгістрацыі па Бярэзінскай акрузе № 61 сябра Руху Інна Яўмеенка.
Адмову іншым рухаўскім кандыдатам у Мінску Юрый Губарэвіч ацаніў як татальную зачыстку.
Не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата і сябра Рады Руху "За Свабоду" Раман Кісляк, які вылучаўся ў групе праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ па Брэсцкай-Цэнтральнай акрузе №2. У ягоную падтрымку былі здадзеныя 1400 подпісаў.
Па ягоных словах, выбаркам знайшоў несапраўдныя подпісы, а таксама палічыў жоўтыя кепкі і сцягі з надпісам "Жыві" агітацыяй.
"Улады спужаліся нашай актыўнасці і таго, што мы выдзяляемся на фоне супернікаў", - адзначыў Кісляк.
Таксама тыя сябры Руху, якія вылучаліся падвоеным чынам – ад Руху “За свабоду” і партыі БНФ ці АГП – былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты.
Так, кандыдатам у дэпутаты быў зарэгістараваны Аляксей Гаўруцікаў на Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18, які вылучаўся адначасова ад Руху “За свабоду” і ад Партыі БНФ.
Такім жа чынам падаваліся ў кандыдаты Вітольд Ашурак па Нёманскай акрузе №56 і Владзімір Сіманковіч па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19. Выбарчыя камісіі зарэгістравалі абодвух кандыдатаў.
Вольга Дамаскіна будзе спаборнічаць за дэпутацкае крэсла ў Наваполацкай акрузе №24. А Ілля Дабратвор на Лагойскай акрузе №75 будзе агітаваць за сваю кандыдатуру.
У Гомельскай-сяльмашаўскай акрузе №32 быў зарэгістраваны Уладзімір Кацора, які таксама вылучаўся не толькі ад Руха, але і ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. А у Маладзечанскай гарадской акрузе №72 камісіяй быў зацверджаны кандыдатам Валянцін Цішко, які таксама быў вылучаны не толькі Рухам “За свабоду”, але і АГП.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале