Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

АВК зацвярджае тэкст бюлетэняў, не дачакаўшыся рашэнняў па скаргах

Віцебская абласная камісія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання з 10 раніцы 18 кастрычніка пачала прыём копій пакетаў дакументаў зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты і асобаў, якія атрымалі адмову ў рэгістрацыі, ад 14 акруговых выбарчых камісій вобласці.

Назіральніца Ірына Траццякова адзначае, што не ўсім старшыням акруговых выбарчых камісій ўдалося "здацца" з першага разу:

«У чальцоў выбаркамаў існуе стэрэатып, што адмова ў рэгістрацыі азначае адмову ў рэгістрацыі. Яны забываюць пра існавання працэдураў абскарджання ў абласны выбаркам і ў судовым парадку. І дакументы гэтых асобаў не лічаць неабходным прадастаўляць.

Больш за тое, акруговым камісіям нічога не перашкодзіла ўзгадняць і агучваць на пасяджэнні тэкст бюлетэняў для галасавання адразу пасля рэгістрацыі кандыдатаў, не дачакаўшыся працэдуры абскарджвання».

Усім патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты, вылучаным Рухам "За Свабоду" было адмоўлена ў рэгістрацыі па вобласці (АВК 17, 18, 19, 21, 24, 30). Прычым, па акругах 17, 21 і 30 прэтэндэнты былі вылучаныя толькі гэтым спосабам. Так, Хрыстафор Жаляпаў па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17 не быў зарэгістраваны на гэтай падставе.

Аляксей Гаўруцікаў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18 ад партыі БНФ, а па пакеце дакументаў на вылучэнне ад Руху "За Свабоду" старшыня камісіі адмовіла нават у разглядзе. Аляксей Гаўруцікаў настаяў на разглядзе, вынясенні рашэння аб адмове і дачы пісьмовага рашэння на рукі.

Такім чынам, па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17 зарэгістравана пяць з шасці кандыдатаў, а па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 - пяць з васьмі. Сярод зарэгістраваных кандыдатаў ёсць сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Партыі БНФ.

Праца камісій, як і раней, закрытая ад назіральнікаў: забаронена фатаграфаванне, азнаямленне з матэрыяламі пасяджэнняў, нават з пратаколамі. Хоць Ірына Траццякова адзначае, што ў акруговай камісіі №17 сітуацыя іншая: добразычлівасць з боку яе членаў, адкрытасць, доступ да азнаямлення і фатаграфавання дакументаў.

Наступны этап - перадвыбарчая агітацыя: выступы кандыдатаў па дзяржаўным тэлебачанні і радыё, прадстаўленне кандыдатамі ў СМІ тэксту перадвыбарчай праграмы, выраб акруговымі камісіямі агульных плакатаў з біяграфічнымі дадзенымі, інфармацыйных матэрыялаў пра кандыдатаў.

Ад тэледэбатаў пакуль адмовіліся ўсе кандыдаты ў двух акругах, акрамя Ірыны Яскевіч (18 акруга).

Інфармацыю аб даходах кандыдатаў у дэпутаты ўпаўнаважаная размяшчаць газета "Віцьбічы".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары