У Смаргоні з пяці прэтэндэнтаў зарэгістраваны кандыдатамі чатыры
У Смаргоні акруговая камісія №59 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў правяла пасяджэнне, на якім абвесцілі вынікі рэгістрацыі кандыдатаў.
Прэтэндавалі на кандыдацтва пяць грамадзян, але пасведчанні атрымаюць толькі чатыры. У іх ліку намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла, які жыве ў Ашмянах, і загадчык аддзелам сацыяльнага абслугоўвання дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Астравецкага раёна”, які падпарадкаваны райвыканкаму, сябар КПБ, жыхар пасёлка Гудагай Астравецкага раёна Іван Мушніцкі. Першы з іх вылучаўся як шляхам збору подпісаў, так і ад працоўнага калектыва, а другі – толькі ад працоўнага калектыва.
Цікава, што былі агучаны вынікі праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў толькі ў двух падпісных лістах у падтрымку Віктара Свілы, сапраўднасць якіх паставіў пад сумніў пры адборы для праверкі назіральнік у камісіі Алесь Дзергачоў. Сябар камісіі, якому даручалася праверка, агалосіў, што праверана па сем першых подпісаў у кожным з гэтых падпісных лістоў. Пры гэтым грамадзяне пацвердзілі, што даты подпісаў і самі подпісы яны паставілі ўласнаручна.
Сталі кандыдатамі таксама два вылучэнцы двух апазіцыйных партый. Гэта намесніца старшыні БСДП “Грамада”, пенсіянерка са Смаргоні Ірына Вештард і сябар АГП Іван Крук, пенсіянер з Астраўца. Калі па першай пры рэгістрацыі пытанняў не узнікала, то па другому ўзніклі ў сувязі з тым, што ён быццам-бы не задэклараваў аўтамабіль, пра наяўнасць якога ва ўласнасці сведчыць даведка ДАІ. Але прысутны на рэгістрацыі Іван Крук звярнуў увагу, што аўтамабіля ў яго ніколі не было, а гэты, відавочна, належыць цёзку, які, як пазначана ў даведцы, мае іншую дату нараджэння.
Камісія мусіла прызнаць заўвагу Івана Крука слушнай і зарэгістраваць гэтага прэтэндэнта з умовай, што зробіць новы запыт у ДАІ і ў залежнасці ад атрыманага адказу можа перагледзець рашэнне аб рэгістрацыі.
Не пашчасціла вылучэнцу ЛДПБ, адміністратару міні-рынка ЗАТ “ГародняГандальСэрвіс”, жыхару Гародні Андрэю Нікуліну. Ён не задэклараваў аж чатыры сваіх аўтамабілі, што стала нагодай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале