А што там з кандыдатамі на Палессі? Трохі інтрыгаў, а з большага ўсё прадказальна
У розных акругах палескага рэгіёна зарэгістравана ад чатырох да шасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. Пры гэтым, ёсць і тыя, каму ў рэгістрацыі адмоўлена.
Як паведамляе “Палеская вясна”, асноўнай інтрыгай, якую стварылі ў некаторых акругах, стала міждырэктарская канкурэнцыя. Відаць, улады ўлічылі досвед мінулых выбараў, калі ў СМІ ўжо адразу пасля рэгістрацыі кандыдатаў падалі спіс тых, каго прапусцяць у парламент, і гэты спіс аказаўся амаль цалкам дакладным.
Сёлета, напрыклад у Рэчыцкай акрузе № 44 у парламент сабраліся выправіць маладога і перспектыўнага кіраўніка мясцовага нафтагазаздабываючага ўпраўлення «Рэчыцанафта» Сяргея Стэльмашка. Яго вылучылі і праз збор подпісаў, і ад працоўнага калектыву. Але ў канкурэнты яму раптам ад працоўнага калектыву вылучыўся 63-гадовы дырэктар тамтэйшага «Вадаканала» Уладзімір Рыбакоў.
Акрамя вышэйузгаданых, спрабаваць ангажаваць за сябе рэчыцкіх выбаршчыкаў будуць яшчэ некалькі партыйцаў - вылучэнец ад КПБ, адстаўны вайсковы маёр, а цяпер вартаўнік ваенкамату Міхаіл Крывянкоў, пенсіянер з Гомеля Мікалай Лукша, вылучаны Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці, і юрыстконсульт Гомельскага таварыства абароны спажыўцоў Аляксандр Плавін, якога вылучыла ЛДПБ.
Рэчыцкі назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валер Пуціцкі адзначыў цікавую асаблівасць збору на паседжанне па рэгістрацыі кандыдатаў. Усе іншыя кандыдаты чакалі пачатку паседжання альбо ў зале, альбо побач з ім у калідоры. І вось, раптам уся камісія адной кампаніяй увайшла ў залу, і разам з імі ішоў і адзін з кандыдатаў. Хто – здагадацца няцяжка – Сяргей Стэльмашок.
Большая частка Рэчыцкага раёна аднесеная да Хойніцкай выбарчай акругі. І тут таксама стварылася інтрыга, бо на запаветны мандат разам з намесніцай старшыні Хойніцкага райвыканкама Жаннай Чарняўскай, вылучанай і ад КПБ, і праз збор подпісаў, прэтэндуе яшчэ і генеральны дырэктар «Гомельаблаўтатрансу» Дзмітрый Старасценка, які вылучыўся ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Падыгрываць ім будуць хойніцкі электрамантажнік замежнага прадпрыемства «ВЕЗА-Г» Алег Казлоў, які назбіраў за сябе подпісаў, прадпрымальнік з Рэчыцы Сяргей Лінкевіч, вылучаны партыяй левых «Справядлівы свет» і фармоўшчык домабудаўнічага камбіната з Гомеля Уладзімір Лук’янаў, вылучаны ЛДПБ.
У Светлагорскай выбарчай акрузе № 46 у давесак да галоўнага доктара мясцовай лякарні Ігара Таўтына, вылучанага зборам подпісаў і ад працоўнага калектыву, праз вылучэнне Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці дадалася яшчэ і дырэктарка мясцовага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ларыса Васіліхіна. Змагацца з імі будуць індывідуальны прадпрыймальнік і актывіст змагання супраць завода беленай цэлюлозы Андрэй Смалянчук, вылучаны Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, вылучэнец ад Партыі БНФ Дзмітрый Савіч, які цяпер не працуе, і кіраўнік фізвыхавання дзіцячага садка Марат Пятух ад партыі левых «Справядлівы свет». Не зарэгістравала акруговая камісія ў Светлагорску вылучэнца ад ЛДПБ Сяргея Грузінава, у дэкларацыі аб даходах якога аказалася 68% недакладнай інфармацыі. Прэтэндэнт пагадзіўся, што камісія мае рацыю і абскарджваць не будзе.
Мазырская акруга таксама інтрыгуе, хоць і не так відавочна. Тут, бясспрэчна, у бескампраміснай барацьбе перамагчы старшыню раённага савета дэпутатаў Валянціну Назаранку, за якую і подпісаў набіралі, і яшчэ і Камуністычная партыя яе вылучыла, будзе спрабаваць дырэктарка сярэдняй школы № 2 Мазыра Алена Піліпончык, вылучаная ўсё той жа Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці. А засведчыць разгул дэмакратыі дапамогуць вылучэнец ад Партыі БНФ, часова беспрацоўны Міхаіл Бандарэнка і рамеснік, разбяр з дрэва Дзмітрый Грыбоўскі, вылучаны ЛДПБ.
Калінкавіцкая выбарчая акруга № 41, абыйшлася без невідавочных фаварытаў. Тут усё даволі прадказальна. Загадчыцу ясляў-садка № 11 горада Калінкавічы Святлану Целеш, вылучаную Камуністычнай партыяй Беларусі, наўрад ці нехта зблытае ў магчымасці заняць месца ў парламенце з дзейсным дэпутатам Яўгенам Адаменкам, які, як і ўсе ягоныя калегі, не «даседзеў» у парламенце цэлы год з належных яму чатырох і хоча яшчэ. За яго і подпісаў здалі аж 4600 штук, і яшчэ аж два працоўныя калектывы, да якіх ён не мае аніякага дачынення, яго вылучылі. А канкураваць з ім будзе вылучэнец ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрый Юкоўскі – індывідуальны прадпрыймальнік з вёскі Ламавічы Акцябрскага раёна, які ўваходзіць у Калінкавіцкую акругу, і начальнік аддзела кадраў «Гомельаблаўтатрансу» Міхаіл Цімошчанка, вылучаны ЛДПБ.
Праўда, калі іншыя акруговыя камісіі парэгістравалі амаль усіх, хто хацеў пагуляцца ў выбары, дык камісія Калінкавіцкай акругі «зарэзала» адразу двух самавылучэнцаў, якія спрабавалі вылучыцца праз збор подпісаў – Андрэя Макарэвіча, абуранага несправядлівасцю ў МУСе папулярнага сярод вясковага насельніцтва раёна і супрацоўнікаў міліцыі адстаўнога старшага з Малых Аўцюкоў, і незадаволенага станам дарог галоўнага інжынера аднаго з ТДА Івана Савіцкага. У абодвух камісія знайшла больш за 20% несапраўдных подпісаў і яны з гэтым пагадзіліся.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале