Магілёў: экаактывістаў не дапусцілі да парламенцкіх выбараў
Акруговая выбарчая камісія не зарэгістравала Андрэя Бодзілева і Дзмітрыя Еўстратава кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Каардынатар ініцыятывы «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў, які патрабуе ад завода «Омск Карбон Магілёў» празрыстасці і выканання экалагічных нормаў, вылучаўся зборам подпісаў выбаршчыкаў. Яго калега Дзмітрый Еўстратаў вылучыўся ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), паведамляе mspring.online
Абодва ішлі ў парламент па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88 – у яго ўваходзіць, у тым ліку, «Свабодная эканамічная зона Магілёў» (СЭЗ), дзе размясціліся адразу некалькі прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку «Омск Карбон». У межы акругі ўключылі таксама аграгарадкі Вейна і Навасёлкі, якія больш за ўсё пакутуюць ад суседства з СЭЗ.
17 кастрычніка акруговая выбарчая камісія (АВК) прыняла рашэння не рэгістраваць Еўстратава і Бодзілева ў якасці кандыдатаў. Старшыня АВК Валерый Яленскі распавёў, што абодва эка-актывіста дапусцілі прамашкі пры падачы дакументаў:
"Бодзілеў вылучаўся зборам подпісаў і паспеў іх здаць літаральна за пяць хвілін да канца патрэбнага часу. Ён сам усё разумее. Пры падліку камісія высветліла, што ён сабраў 901 подпіс. А трэба мінімум 1000, што аўтаматычна не дае нам права рэгістраваць яго як кандыдата ў дэпутаты", – выказаўся пра Бодзілева Яленскі.
У Дзмітрыя Еўстратава іншыя праблемы – па дадзеных выбарчай камісіі, ён пры вылучэнні не пазначыў, што яму належыць 100% долі статутнага капіталу сялянска-фермерскай гаспадаркі «Паўлаўскае-агра”, што з’яўляецца значным парушэннем.
Еўстратаў, які прысутнічаў на паседжанні АВК, у сваю абарону сказаў, што «Паўлаўскае-агра» ужо некалькі гадоў не ажыццяўляе гаспадарчай дзейнасці і не мае бухгалтэрыі:
"Проста яно не закрытае афіцыйна, але фактычна самой гаспадаркі ўжо няма, як і самога статутнага капіталу", – адзначыў Еўстратаў.
Камісію гэта не пераканала – Еўстратаву ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты адмовілі. Эка-актывіст рашэнне АВК не абскарджваў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале