Восем старшыняў, 16 дырэктараў, сем начальнікаў... Хто ідзе ў дэпутаты ў Віцебскай вобласці?
На 14 выбарчых акругах Віцебскай вобласці было вылучана 97 кандыдатаў. Зарэгістравана з іх – 78 чалавек, што склала 79,1% ад агульнай колькасці вылучэнцаў.
64 кандыдата па вобласці былі вылучаныя адным суб'ектам, большая колькасць з якіх - палітычнымі партыямі (48 чалавек). На долю іншых спосабаў вылучэння прыйшлося 16,7% - ад працоўных калектываў і 3,8% - шляхам збору подпісаў грамадзянаў.
Пры гэтым лідэрамі ад палітычных партый сталі вылучэнцы ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі (14 чалавек) і Камуністычнай партыі Беларусі (12 чалавек). Па шэсць прадстаўнікоў партыі БНФ і праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці было зарэгістравана камісіямі ў кандыдаты. Ад апазіцыі за дэпутацкі мандат будуць змагацца таксама чатыры прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, тры партыйца Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» і два кандыдаты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Мала каму вядомую праўладную Рэспубліканскую партыю прадставіць адзін кандыдат у дэпутаты.
Яшчэ 14 кандыдатаў былі вылучаны двума суб'ектамі - працоўнымі калектывамі і грамадзянамі шляхам збору подпісаў.
На чатырох выбарчых акругах зарэгістравана найбольшая колькасць кандыдатаў у вобласці - па сем (Віцебская-Чыгуначная №19, Лепельская №23, Наваполацкая №24 і Аршанская гарадская №25). Па шэсць кандыдатаў будуць змагацца за дэпутацкае крэсла ў двух акругах - Аршанскай-Дняпроўскай №26 і Сенненскай №30. На шасці акругах было зарэгістравана па пяць кандыдатаў (Віцебская-Горкаўская №17, Віцебская-Чкалаўская №18, Віцебская-Кастрычніцкая №20, Гарадоцкая №21, Полацкая гарадская №27 і Полацкая сельская №28). Найменшая канкурэнцыя будзе ў Докшыцкай акрузе №22 і Пастаўскай акрузе №29 - там зарэгістравана толькі па чатыры кандыдаты ў дэпутаты.
Самы малады кандыдат - 26-гадовы беспартыйны Ягор Левачоў - вылучаецца па Лепельскай акрузе №23 шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Самы старэйшы з усіх кандыдатаў па Віцебскай вобласці - 70-гадовы дзеючы Старшыня Палаты прадстаўнікоў шостага склікання Уладзімір Андрэйчанка, які вылучаўся шляхам збору подпісаў грамадзянаў і ад працоўнага калектыву па Докшыцкай акрузе №22. Акрамя яго яшчэ ў двух акругах вылучаюцца дзеючыя дэпутаты - Віталь Чудовіч ў Аршанскай-Дняпроўскай №26 і Ігар Мартынаў у Лепельскай №23. Характэрна, што ўсе тры цяперашніх дэпутата Палаты прадстаўнікоў пражываюць у Мінску.
Таксама па 30 выбарчай акрузе балатуецца намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дубаў.
Сярод іншых кандыдатаў па родзе занятасці можна вылучыць:
- восем старшыняў, у тым ліку Віцебскага гарвыканкама, Полацкага райвыканкама, Павятскага сельскага Савета дэпутатаў, Каханоўскага сельскага выканкама, розных прафсаюзаў;
- 16 дырэктараў прадпрыемстваў і ўстаноў;
- сем намеснікаў дырэктараў;
- сем начальнікаў;
- чатыры пенсіянера;
- чатыры індывідуальныя прадпрымальнікі і два рамесніка;
- чатыры часова беспрацоўных.
На ўсю Віцебскую вобласць было зарэгістравана толькі 16 жанчын-кандыдатак, што складае 12,48% ад агульнай колькасці кандыдатаў. Пры гэтым у пяці акругах кандыдатамі ў дэпутаты з'яўляюцца толькі мужчыны.
Без прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў ці аб'яднанняў апынуліся таксама пяць выбарчых акругаў - Докшыцкая №22, Аршанская-Дняпроўская №26, Полацкая гарадская №27, Полацкая сельская №28 і Пастаўская №29.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале