Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Весткі з палёў: чаму 22 вылучэнцы не зарэгістравалі кандыдатамі ў Мінску?

Два дні запар, 21 і 22 кастрычніка, Мінская гарадская выбарчая камісія разглядала скаргі на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Скардзіліся 22 вылучэнцы, і ніводную скаргу не задаволілі. Дзве скаргі камісія не прыняла да разгляду, бо яны былі накіраваныя па-за тэрмінам.

На паседжаннях камісіі прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Пашкевіч.

Па якіх прычынах адмаўлялі ў рэгістрацыі кандыдатаў?

У большасці выпадкаў адмовы тычыліся перавышэння адсотка несапраўдных подпісаў па выніках двух праверкак – 12 выпадкаў. Шасці вылучэнцам адмовілі з-за памылак у дэкларацыях. Два чалавека не прадаставілі копіі дакументаў, якія падцвярджаюць адукацыю. Два вылучэнцы атрымалі адмовы ў рэгістрацыі з-за двух і болей папярэджанняў падчас збору подпісаў. У шэрагу выпадкаў адмова выносілася адначасова на двух падставах.

Якія памылкі былі ў падпісных лістах вылучэнцаў?

Адной з асноўных прэтэнзій да подпісаў — несупадзенне адрасоў у падпісным лісце з адрасамі пастаяннай ці часовай рэгістрацыі. Так, адзін з вылучэнцаў Яўген Шэўко прадаставіў падцверджанне (фота дакументаў з рэгістрацыяй) Мінскай гарадской выбарчай камісіі, што ў падпісныя лісты ўносілася правільная інфармацыя аб адрасах падпісантаў. Па яго словах, ён паспеў спраўдзіць яшчэ сем адрасоў, але не меў на гэта адпаведных фотаздымкаў. Таму, нягледзячы на прызнанне правільнымі дзвюх подпісаў, яму адмовілі ў задавальненні скаргі. Ён плануе абскарджваць рашэнне гарадской выбарчай камісіі ў судзе.

Шмат прэтэнзіяў да вылучэнцаў было ў сябраў Мінскай гарвыбаркама да напісання датаў, калі ставіўся подпіс адной асобай. Згодна працэдуры кожны выбаршчык мусіць пісаць дату асабіста. Такія прэтэнзіі былі выказаны да подпісаў, напрыклад, Юрыя Губарэвіча і Ірыны Халіп. Апошняя прызнала абгрунтаванасць гэтых прытэнзіяй. Але шмат вылучэнцаў (Пучкоўскі, Пшанічнік, Крысевіч, Альшэўскі, Сугака) выказалі недавер да высноваў экспертаў Упраўлення па г. Мінску Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, згодна якіх даты пісаліся адной рукой.

Былі зафіксаваныя таксама несупадзенні ў напісанні серый і нумароў пашпартоў, напрыклад, у падпісных лістах Ганны Канапацкай. Яна фактычна не аспрэчвала гэтых прэтэнзій, але апелявала да таго, што дадзеныя перапісваліся са словаў выбаршчыкаў, а спраўджваць іх у пашпарце Выбарчы кодэкс сябраў ініцыятыўных групаў не абавязвае. Такую ж аргументацыю выказваў і Віктар Янчурэвіч.

Таксама шэраг вылучэнцаў (Яўген Шэўко, Юры Губарэвіч) выказалі недавер да таго, як праводзілася выбарка подпісаў для праверкі. Выбарка падпісных лістоў для праверкі мусіць быць выпадковай, але ніхто з кандыдатаў пры гэтым не прысутнічаў, працэдуру выбаркі, як і падліку галасоў камісія вызначае сама. Яны лічаць, што выбарка была не рэпрэзентатыўнай і лісты з несапраўднымі подпісамі былі выбраныя спецыяльна.

Што за памылкі ў дэкларацыях?

Адмова ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты па прычыне памылак у дэкларацыях была вынесена шасці вылучэнцам. Яны не пазначалі акцыі ці аўтамабілі ў дэкларацыях, якія хоць і былі прададзены, але не былі знятыя з уліку.

Сумарны кошт акцый у выпадку сябра Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы (Старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў) Іосіфа Круглікава быў 20,132 рублёў. А ў выпадку вылучэнца ад Беларускай патрыятычнай партыі Дзмітрыя Гурбановіча акцыі прыносілі даход 1,26 рублёў у год.

Каму адмовілі ў рэгістрацыі з-за непрадастаўленне дакументаў аб адукацыі?

Намеснік кіраўніка Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітры Кучук у якасці копіі дакумента, падцвярджаючага вышэйшую адукацыю, прадставіў даведку з месца працы. А актывіст “Ерапейскай Беларусі” не прадаставіў копіі дакумента аб сярэдняй адукацыі. На гэтай падставе ім было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты. 

Чаму не зарэгістравалі вылучэнцаў “Руху за Свабоду”?

Ад “Руху за Свабоду” як ад грамадскай арганізацыі вылучаліся Юрый Губарэвіч, Віктар Янчурэвіч і Андрэй Клікуноў, прычым апошні вылучаўся толькі гэтым шляхам.

Мінская гарадская камісія не палічыла істотнымі спасылкі на артыкул 69 Канстытуцыі, згодна з якім права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам. Камісія спаслалася на тое, што згодна Выбарчаму кодэксу гэта права нададзена не ўсім грамадскім арганізацыям, а толькі партыям, як грамадскім аб'яднанням, якія маюць палiтычныя мэты.

Каму адмовілі ў рэгістрацыі з-за папярэджанняў?

Два апазіцыйных актывіста Віктар Жораў і Андрэй Войніч былі незарэгістраваны з-за вынясення ім падчас збору подпісаў двух і болей папярэджанняй.

Андрэй Войніч атрымаў адно папярэджанняе за раздачу візітовак з персанальнымі дадзенымі, а другое — за наяўнасць на стэндзе інфармацыі аб грамадсказначных праблемах – заробках медыкаў.

Віктар Жораў атрымаў папярэджанні за пікет каля гатэля “Марыёт”, з-за наяўнасці на стэндзе “інфармацыі, якая не датычна да збору подпісаў” і за адсутнасць у лісце сведчанняў аб асобе у падтрымку якіх збіраюцца подпісы. Такім чынам, у абодвух выпадках вырашальным было размяшчэнне на стэндах інфармацыі аб поглядах прэтэндэнтаў.

У Мінскую гарадскую выбарчую камісію накіравалі скаргі:

  1. Яўген Шэўко, акруга №95;
  2. Андрэй Пічкоўскі, акруга №92;
  3. Ірына Пшанічнік, акруга №101;
  4. Алена Крысевіч, акруга № 103;
  5. Дзмітры Гурбановіч, акруга №93;
  6. Віктар Альшэўскі, акруга №92;
  7. Аляксандр Лозбень, акруга № 105;
  8. Вадзім Сугак, акруга №109;
  9. Ганна Канапацкая, акруга № 97;
  10. Юры Губарэвіч, акруга №107;
  11. Віктар Янчурэвіч, акруга № 110;
  12. Іосіф Круглікаў, акруга №96;
  13. Дзмітры Кучук, акруга №104;
  14. Ігар Кібальчыч, акруга №106;
  15. Ірына Халіп, акруга №110;
  16. Васіль Жораў, акруга №105;
  17. Максім Вінярскі , акруга №104;
  18. Андрэй Войніч, акруга № 98;
  19. Андрэй Клікуноў, акруга №98;
  20. Аляксей Русевіч, акруга №108.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары