Мэта - дэпалітызаваць і зрабіць свята. Як беларускія СМІ асвятляюць парламенцкія выбары?
“Беларуская асацыяцыя журналістаў” прадставіла вынікі першага этапу маніторынгу асвятлення парламенцкай выбарчай кампаніі ў беларускіх СМІ.
У перыяд з 16 верасня па 18 кастрычніка былі прааналізаваныя цэнтральныя і рэгіянальныя тэле- і радыёканалы, друкаваныя выданні і вядучыя інтэрнэт-сайты. У прыватнасці, праграмы на дзяржаўным тэлебачанні, такія як “Панарама” (Беларусь 1), “Наши новости” (ОНТ), “Главный эфир” (Беларусь 1), “Контуры” (АНТ), “Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё), “Навіны Магілёў” (Рэгіянальная ТРК); друкаваныя СМІ: “СБ. Беларусь сегодня”, “Народная воля”, “Могилёвская правда”, “Мінская праўда”, “Звязда”, “Камсамольская праўда”; інтэрнэт-рэсурсы: TUT.BY і Belta.by.
На пачатку прэзентацыі кіраўнік маніторынгавай групы “БАЖ” Алесь Анціпенка адзначыў, што, як і раней, асноўнай рысай рэпрэзентацыі выбараў у дзяржаўных СМІ з’яўляецца іх дэпалітызацыя. Задача дзяржаўных медыя – паказаць, што выбары – добра адладжаная працэдура і нават свята. Палітычны складнік жа застаецца за бортам парадку дня.
Вынікі маніторынгу паказваюць, якім чынам дзяржаўныя СМІ робяць бягучую парламенцкую кампанію “ціхай і непрыкметнай” і чым адрозніваецца рэпрэзентацыя выбарчай тэматыкі ў дзяржаўны і недзяржаўных медыя.
Асноўныя вынікі маніторынгу
1. У аналізаваных дзяржаўных медыя дамінавала тэхнічная інфармацыя пра арганізацыю выбарчай кампаніі (пасяджэнні ЦВК, фармаванне выбарчых камісій, ініцыятыўных груп па збору подпісаў, інфармацыя пра прыезд назіральнікаў і да т. п.). Звычайна фігуравалі лічбы, а не прозвішчы ці канкрэтныя выпадкі парушэння правілаў збору подпісаў.
Недзяржаўныя медыя (Tut.by, “Камсамольская праўда”, “Народная воля”), у сваю чаргу, адводзілі нязначную плошчу тэхнічнай інфармацыі. Яны даволі стрыманымі ў падачы матэрыялаў, прысвечаных выбарчай тэматыцы. Трымаюцца пераважна нейтральнай манеры асвятлення выбарчага працэсу. Пры гэтым СМІ спрабуюць падыходзіць да асвятлення дзейнасці палітычных актараў больш разнастайна.
2. Галоўнымі суб’ектамі выбарчага працэсу, як і раней, застаюцца прэзідэнт краіны і ЦВК у асобе яе старшыні Лідзіі Ярмошынай. Пры гэтым, паводле Алеся Анціпенкі, у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2016 года колькасць узгадак прэзідэнта толькі ўзрасла. Прыклад - праграма “Контуры” (АНТ). Характэрным для гэтай кампаніі з’яўляюцца выказванні прэзідэнта наконт таго, якім мусіць быць будучы склад парламента і якія менавіта кандыдаты мусяць туды трапіць.
3. Пераважная большасьць іншых удзельнікаў выбарчага працэсу (палітычныя партыі, прэтэндэнты на кандыдатаў, іхнія ініцыятыўныя групы, НДА) былі рэпрезентаваныя ананімна альбо ніяк не рэпрезентаваныя. Выключэнне, аднак, склалі назіральнікі ад СНД, БДІПЧ АБСЕ і некаторыя праўрадавыя арганізацыі.
Голас электарата ў дзяржаўных медыя фактычна нячутны. Падчас аналізу гэтых СМІ немагчыма зразумець, якія рэальныя праблемы хвалююць электарат, каго ён хоча бачыць у новым парламенце.
4. Тэма выбараў у перадачах дзяржаўнага тэлебачання і радыё займае зусім мала часу. Адсотак эфірнага часу ў розных перадачах не перавышае 5%.
5. Матэрыялы ў дзяржаўных СМІ не сведчылі, што выбары — гэта, перадусім, канкурэнцыя палітычных ідэй і поглядаў, спаборніцтва розных палітычных партый, платформ і праграм. Затое даволі часта дзяржаўныя СМІ выкарыстоўвалі савецкую рыторыку пра выбары як пра свята і пачэсны абавязак грамадзяніна. Цікава адзначыць, што меркаванні журналістаў ніколі не разыходзіліся з афіцыйнай пазіцыяй, якую ў тых жа медыя агучвалі прадстаўнікі беларускай улады. Дзяржаўныя медыя з тэмай выбараў працуюць сінхронна і адладжана.
З маніторынгам цалкам і абагульняючымі графікамі можна азнаёміцца на сайце "Беларускай асацыяцыі журналістаў".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале