Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

“Калгаснай дыктатуры – баста”, “дыктатар”: якія яшчэ словы чапляюць ярмошынскіх цэнзараў?

Пікет "Еўрапейскай Беларусі ў Мінску. Фота: europeanbelarus.org
Пікет "Еўрапейскай Беларусі ў Мінску. Фота: europeanbelarus.org

Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» распаўсюдзіла заяву, у якой пратэстуе супраць вынясення папярэджанняў сваім кандыдатам у дэпутаты.

“Перадвыбарчыя пікеты, якія праходзяць на вуліцах Мінска, напалохалі дыктатара і яго памагатых. На працягу двух дзён вынесеныя папярэджанні кандыдатам у дэпутаты ад «Еўрапейскай Беларусі» Арцёму Чарняку і Вользе Нікалайчык, на пасяджэнні камісій выкліканыя Аксана Юшкевіч і Павел Юхневіч. Больш за ўсё ўлады раздражняе лозунг «Калгаснай дыктатуры - баста» на агітацыйных стэндах і плакатах”, - паведамляецца ў заяве.

«Еўрапейская Беларусь» з павагай ставіцца да працаўнікоў сяла, якія таксама, як усе заслугоўваюць годнае жыццё і годныя прыбыткі. Мы выступаем за правядзенне аграрнай рэформы, за тое, каб даць магчымасць грамадзянам краіны ажыццяўляць гаспадаранне на зямлі на аснове ўсіх формаў уласнасці. Калгасная дыктатура, якая завяла краіну ў тупік, павінна застацца ў мінулым.

„Дыктатар” - такое слова зацікавіла прадстаўнікоў дзяржаўнага тэлебачання пры запісе выступу кандыдата Паліны Шарэнда-Панасюк ад грамадскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, - паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

"Але выступ цалкам павінен прайсці цэнзуру, паколькі ніякіх заўваг у пісьмовай форме грамадская дзеячка не атрымала, — распавяла Паліна. – Быў момант адносна слова «дыктатар». Спрабавалі сказаць, што гэта абраза. На што я запярэчыла, што гэта ўсяго наўсяга паліталагічны тэрмін. Пакуль што нам з камісіі сігналаў не паступала, што ў іх ёсць да нас нейкія прэтэнзіі".

Між тым кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына падчас відэабрыфінгу на афіцыйным канале Нацыянальнага прэс-цэнтра заявіла, што заклікі да звяржэння існуючага ладу і распальванне варожасці, у тым ліку і ў сацыяльных сетках могуць быць падставай для адмены рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты.

“Некаторыя кандыдаты ў дэпутаты ўспрымаюць кампанію як сур'ёзную палітычную барацьбу з сур'ёзнымі палітычнымі абвінавачваннямі, заявіла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна нагадала, што парушальнікі могуць пазбавіцца свайго статусу за паклёп ці абразы, нават у соцсетях і выступах, - піша tut.by.

Нагадаем, артыкулам 47 Выбарчага кодэкса забароненыя прапаганда вайны, заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, абразы і паклёп у дачыненні да службовых асоб, кандыдатаў у дэпутаты або прэзідэнты. Таксама не дапускаюцца заклікі да зрыву, адмене або пераносу ўжо прызначаных выбараў. Забароненая агітацыя ці прапаганда перавагі - расавай, сацыяльнай, моўнай і гэтак далей; гэтак жа як распаўсюджванне матэрыялаў, якія могуць спараджаць такую ​​варожасць.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары