Брэст: “Падставы для адмовы, на якія спасылаецца АВК-2 – гэта камедыя”
23 красавіка Брэсцкая абласная выбарчая камісія разглядзела скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі вылучэнцаў “Руху за Свабоду” Аляксандра Рамановіча і Рамана Кісляка (ён таксама вылучаўся ад грамадзян), якія выступаюць супраць завода АКБ.
Як паведамляе назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Вялічкін, пасяджэнне камісіі пачалося з прыгодаў. Прапаршчык міліцыі, які прадставіўся як Сяргей Ехалкін, не захацеў пускаць назіральнікаў, вылучаных грамадзянамі, у будынак аблвыканкама, дзе месціцца камісія. Вялічкіна пусцілі толькі пасля таго, як ён звярнуўся ў камісію.
Акрамя двух назіральнікаў і зацікаўленай асобы Рамана Кісляка на пасяджэнне камісіі нікога больш не пусцілі. Старшынствуючы на пасяджэнні Аляксандр Каляда, начальнік галоўнага ўпраўлення Брэсцкага абласнога упраўлення фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, выказаў меркаванне: “У нас не ток-шоў, таму абмяжуемся наяўным складам”.
Першым разглядзелі пытанне па прэтэндэнту Аляксандру Рамановічу па Пінскай гарацкой выбарчай акрузе №14: “Вылучэнец “Руху за Свабоду”. Прапушчаны тэрмін падачы скаргі. Пакінем без разгляду”.
Другім пытаннем разглядзелі скаргу Рамана Кісляка, вылучэнца па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №2. Раман вылучаўся ад грамадскай арганізацыі і шляхам збора подпісаў. Па словах выступаючых сябраў абласной камісіі, яны выявілі некалькі прымальных з “забракаваных” подпісаў, але са спачуваннем паведамілі, што застаўшыхся подпісаў усё роўна не хапае для рэгістрацыі кандыдатам.
Старшыня АВК№2 Галіна Янголенка апраўдвавалася перад абласной камісіяй і ў варожай форме адказвала на пытанні Рамана Кісляка. “На пасяджэнні Кісляк самавольна здымаў, пался забароны здымкі не прыпыніў… Абвінаваціў нас, што ў нас подпісаў болей, чым здаваў…”
Сябра камісіі Марыя Волкава, вылучэнка ад БПЛ “Справядлівы Свет”, да Галіны Янголенка: “У мяне склалася ўражанне, што Вы праверылі ўсе лісты Кісляка, а не 200 подпісаў, і выбралі тыя, дзе выявілісь заўвагі?” Старшыня АВК-2 пярэчыць.
Раман Кісляк заявіў абласной камісіі, што АВК№2 выходзіць за межы сваіх паўнамоцтваў, калі правярае ўсе падпісныя лісты. А падставы для адмовы, на якія спасылаецца АВК№2 – гэта камедыя, праверка правапісу. І тэхнічныя памылкі не могуць з’яўляцца падставай для прызнання подпісаў несапраўднымі. “Чытайце Кодэкс!” – завяршыў прамову Раман Кісляк.
Камісія большасцю галасоў прагаласавала за тое, каб пакінуць рашэнне АВК-2 без зменаў. Сябра камісіі Марыя Волкава, вылучэная БПЛ “Справядлівы Свет”, адзіная, хто прагаласавала супраць.
На заканчэнне пасяджэння старшыня камісіі Аляксандар Каляда прызнаў, што раней, яшчэ у 1989 годзе, можна было вылучацца ад грамадзкіх аб’яднанняў. “Але калі кіравацца тым, чым Раман Кісляк, сітуацыя можа дайсці да абсурда. Няхай Канстытуцыйны суд вырашае, а мы дзейнічаем адпаведна закону”.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале