Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Суд не адмяніў рашэнне выбарчай камісіі аб нерэгістрацыі Наталлі Шарыпа

Наталля Шарыпа
Наталля Шарыпа

23 кастрычніка Віцебскі абласны суд разгледзеў грамадзянскую справу па скарзе Наталлі Шарыпа на рашэнне абласной камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Віцяблянку не зарэгістравала ў якасці кандыдаткі акруговая камісія, абласная ж – падтрымала такое рашэнне. Шарыпа падала ў суд, піша "Віцебская Вясна".

На судзе інтарэсы Віцебскай абласной камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў адстойвалі старшыня камісіі Дзмітрый Хома і яго намеснік Генадзь Філіпенка.

Наталля Шарыпа заявіла хадайніцтва аб удзеле ў справе сябра БХК Паўла Левінава. Суддзя Марына Вострыкава хадайніцтва задаволіла.

Паводле акруговай камісіі, падставай для адмовы ў рэгістрацыі Наталлі Шарыпа кандыдаткай у дэпутаты стала прызнанне несапраўднымі 21,5% подпісаў, выбраных для праверкі. Каб праверыць, адабралі 200 подпісаў з няцотных падпісных аркушаў. Праверка нібыта паказала, што 5 подпісаў пакінулі асобы, якія не валодаюць выбарчым правам, па 9-ці подпісах дадзеныя не адпавядалі рэчаіснасці, у 15 выпадках выбарнікі пазначылі дату не сваёй рукой, а яшчэ 16 подпісаў нібыта сабраныя асобай, якая не была сябрам ініцыятыўнай групы.

Калі аказалася, што больш за 15% подпісаў прызнаныя нядзейснымі, камісія, як таго патрабуе Выбарчы кодэкс, прызначыла дадатковую праверку. У выніку знайшлі яшчэ 29 несапраўдных подпісаў, ці 19% ад колькасьці правераных. Віцебская абласная камісія падлічыла, што, паводле праверак, несапраўднымі прызнаныя 69 подпісаў. 

Наталля Шарыпа зазначыла на судзе, што выбарцы давалі пашпартныя дадзеныя па добрай волі, і яна не можа зразумець, чаму некалькі грамадзянаў адмовіліся ад сваіх подпісаў падчас праверкі. Паведаміла, што з 43-х подпісаў,  прызнаных несапраўднымі падчас першай праверкі, 16 подпісаў стаялі на аркушы, які быў не аформлены належным чынам (адсутнічала прозвішча сябра ініцыятыўнай групы) – але ж гэта чыста тэхнічная памылка.

“Калі іх адмінусаваць, то атрымліваецца дастатковая колькасць подпісаў, неабходных для рэгістрацыі. Дык і другая праверка не была б тады патрэбная”,  – зазначыла Наталля Шарыпа.

Патлумачыла і пра 14 подпісаў, пастаўленых асобамі без грамадзянства. Паводле Наталлі, гэта ў асноўным грамадзяне Расеі, якія пераконвалі сябраў ініцыятыўнай групы, што заўсёды бяруць удзел у выбарчых кампаніях, бо маюць від на жыхарства.

Шарыпа лічыць, што ўсе аркушы з фармальнымі хібамі апынуліся ў першых 25 лістах, прызначаных для праверкі, зусім невыпадкова. Ані яна, ані назіральнікі не мелі магчымасці бачыць нумарацыю аркушаў, таму не выключае, што перад праверкай гэтыя аркушы былі выбраныя адмыслова.

На судзе Дзмітрый Хамо і Генадзь Філіпенка даводзілі, што праверка подпісаў была аб’ектыўнай і законнай і што “сумнявацца ў адваротным няма ніякіх падставаў”.

Між тым, Павел Левінаў звярнуў увагу на тое, што суд праігнараваў просьбу Наталлі Шарыпа выклікаць на судовае паседжанне ў якасці сведкаў усіх асобаў, якія адмовіліся ад сваіх подпісаў. Праваабаронца выказаў таксама сумнеў у праўдзівасці экспертызы почыркаў, бо невядома, з якімі ўзорамі параўноўваліся “падазроныя” подпісы.

Левінаў заявіў, што падчас выбарчай кампаніі ўжываюцца двайныя стандарты.

“Памыляцца можна і Віцебскай абласной камісіі па выбарах, і Віцебскаму абласному камітэту... На жаль, у маёй любімай краіне нельга памыляцца толькі простым грамадзянам. Права на памылку ёсць толькі ў прадстаўнікоў улады. А калі грамадзянін дае няпоўны адрас у падпісным аркушы – ён ужо несапраўдны”,  – сказаў на судзе Павел Левінаў.

Выслухаўшы довады бакоў, суд палічыў правамернай адмову акружной камісіяй у рэгістрацыі Наталлі Шарыпа ў якасьці кандыдаткі ў дэпутаты. Як палічыла суддзя Марына Вострыкава, жанчына не падала ў судзе доказаў таго, што праверка подпісаў камісіямі праводзілася з парушэннем выбарчага заканадаўства.

Ніякіх падставаў для адмены рашэння Віцебскай абласной выбарчай камісіі суд не знайшоў і ў задавальненні скаргі заяўніцы адмовіў.

“Добра хоць мяне не абвінавацілі ў махлярстве і падробцы дакумэнтаў! А так  –  нейкія “левыя” заявы грамадзянаў, якія казалі, што мяне не бачылі. Але адкуль жа ў мяне іх пашпартныя дадзеныя? Нягледзячы ні на што, я перакананая, што наша каманда перамагла! Мы сабралі паўтары тысячы подпісаў выбарцаў, якія гатовыя былі нас падтрымаць! І для нас гэта – самая вялікая перамога, якія б рашэнні суд ні прымаў”, – пракаментавала судовае рашэнне Наталля Шарыпа.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары