Назіральніка з Гародні не пусцілі на сустрэчу з праўладнай кандыдаткай
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Андрэй Коця паведаміў, што 23 кастрычніка яго не пусцілі на сустрэчу з кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Тамарай Даўгашэй, якая балатуецца па Гарадзенскай-Ленінскай акрузе №52. Яна і зараз з’яўляецца дзеючай дэпутаткай парламента.
23 кастрычніка ў праграме сустрэч Тамары Даўгашэй значыліся ажно чатыры сустрэчы ў Гародні: да абеду дзве сустрэчы ў дзіцячых садках, пасля абеду з 15.00 да 16.00 – у СШ №22. Аднак ніякай сустрэчы у гэтай школе менавіта ў гэты час не было.
Чацвёртая сустрэча Даўгашэй з выбарцамі была запланавана з 15.40 да 16.40 ў медыцынскім каледжы. Кандыдатка туды сапраўды прыехала. Андрэй Коця хацеў патрапіць на гэтую сустрэчу, прыйшоў загадзя, аднак яго туды не пусцілі. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы Данута Барцэвіч адмовіла яму ў гэтым, сказаўшы, што мерапрыемства мае закрыты характар. Быццам мерапрыемства праходзіць у рамках навучальнага працэсу і на ім маюць права прысутнічаць толькі студэнты каледжу.
Назіральнік абскардзіў у акруговай выбарчай камісіі №52 дзеянні зарэгістраванай там жа кандыдаткі. Коця звярнуўся ў камісію, каб там разглядзелі дзеянні кандыдаткі і далі гэтым дзеянням адпаведную адзнаку.
Справа ў тым, што на сайце Гарвыканкама стаіць графік сустрэч кандыдаткі з выбарцамі. Але назіральніка ўразіла тое, што ў адзін і той жа час сустрэчы былі прызначаныя ў розных месцах. Па сутнасці, інфармацыя пра сустрэчы Тамары Даўгашэй з выбаршчыкамі аказалася непраўдзівай. А месцы для сустрэч занятыя, і імі, пры жаданні, ўжо не змаглі б скарыстацца яе канкурэнты. Таму назіральнік чакае ад камісіі ацэнкі такіх паводзін.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале