Кандыдатам выносяць папярэджанні за тое, што яны не сыходзяць у адпачынак
Згодна з выбарчымі правіламі кандыдат у дэпутаты ў перыяд перадвыбарчай агітацыі павінен знаходзіцца ў адпачынку. Невыкананне дадзенага патрабавання з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства. Выключэнне: індывідуальныя прадпрымальнікі. Вядома, што ўжо некалькі кандыдатаў у дэпутаты атрымалі папярэджанні ад акруговых камісій за парушэнне гэтага правіла.
Так, 24 кастрычніка камісія па Маладзечанскай выбарчай акрузе №72 вынесла папярэджанне кандыдату Валянціну Цішко за парушэнне выбарчага заканадаўства. Як гаворыцца ў адпаведным рашэнні, ён не даслаў у камісію копію загаду аб прадастаўленні яму адпачынку.
28 кастрычніка АВК па Мінскім-Заходняй акрузе №102 вынесла падобнае рашэнне праўладнаму кандыдаты ў дэпутаты Юрыю Кругліку.
АВК па Бабруйскай-Першамайскай акрузе №79 23 кастрычніка папярэдзіла Уладзіміра Загрышава «у сувязі з парушэннем парадку вызвалення ад працоўных абавязкаў». У яго трохі іншая сітуацыя. Ён падаў у выбарчую камісію адпаведныя дакументы пра адпачынак. Але згодна з загадам адпачынак пачынаецца з 21 кастрычніка па 17 лістапада. Камісія расцаніла гэта як парушэнне, таму што адпачынак прадстаўлены не з моманту рэгістрацыі, а праз тры дні пасля яе, што з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства.
У той жа дзень гэтая камісія вынесла ідэнтычнае рашэнне аб папярэджанні яшчэ аднаго кандыдата па гэтай акрузе — Арсенію Чыгіру.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале