Кожны чацверты прэтэндэнт у Віцебску апынуўся па-за перадвыбарчай гонкай
Як паведамляе "Віцебская Вясна", толькі 21 з 28 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат ад Віцебска засталіся ў перадвыбарчай гонцы. Кожны чацверты апынуўся па-за гульнёй. Гэткі стан рэчаў назіраецца пасля разгляду Віцебскай абласной выбарчай камісіяй і Віцебскім абласным судом скаргаў аб нерэгістрацыі прэтэндэнтаў.
У Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17 з шасці прэтэндэнтаў засталося пяць, у Віцебскай-Чкалаўскай №18 засталося шэсць з васьмі, у Віцебскай-Чыгуначнай – шэсць з сямі, а ў Віцебскай-Кастрычніцкай – усяго чатыры з сямі.
Прычыны нерэгістрацыі былі тыповыя: няправільныя дадзеныя аб прыбытках і маёмасці ў пададзеных дэкларацыях, неакуратна і няякасна праведзены збор подпісаў сябрамі ініцыятыўных групаў.
Правам стварэння выбарчых фондаў скарысталіся 13 з 21 зарэгістраваных кандыдатаў. Астатнія восем кандыдатаў не выказалі жаданне збіраць грашовыя сродкі для правядзення агітацыйнай кампаніі. Тыя ж самыя 13 кандыдатаў правялі рэгістрацыю давераных асобаў.
Акруговыя камісіі зацвердзілі тэкст агульных плакатаў з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты. Для 20-ці кандыдатаў гэты тэкст будзе выдрукаваны на рускай мове і толькі для аднаго – па-беларуску.
З 15-ці зарэгістраваных у краіне партыяў сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў па Віцебскай вобласці вылучылі толькі дзве – партыя БНФ (аднаго сябра ў Віцебскую абласную выбарчую камісію) і КПБ (двух сябраў у акруговыя камісіі і 19 – ва ўчастковыя).
Грамадзкія арганізацыі выявілі куды большую актыўнасць у вылучэнні назіральнікаў. Ад дзесяці найбольш буйных праўладных арганізацый у камісіі ўсіх узроўняў вылучаныя больш за 1200 сябраў, траціна з іх – актывісты прафсаюзных арганізацый.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале