Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На Берасцейшчыне праўладныя кандыдаты спыняюць удзел у перадвыбарчай гонцы

Бігборд, прысвечаны Выбарам-2019. Фота з сацыяльных сетак.
Бігборд, прысвечаны Выбарам-2019. Фота з сацыяльных сетак.

У Пружанскай і Днепра-Бугскай выбарчых акругах кандыдаты, якія вылучаліся, адпаведна, шляхам збору подпсіаў і ад Камуністычнай партыі, раптоўна знялі свае кандыдатуры з выбараў.

23 кастрычніка адбылося пасяджэнне акруговай камісіі Пружанскай выбарчай акругі № 9. Кандыдат ў дэпутаты, начальнік Пружанскага ўчастка электрасвязі Аляксандар Амельянчук, якога на пачатку “выбараў” можна было лічыць асноўным кандыдатам ад улады, зняў сваю кандыдатуру. Такім чынам у Пружанскай выбарчай акрузе № 9 засталося 6 кандыдатаў. Зараз, па меркаванні назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сергея Русецкага, асноўным кандыдатам ад улады стаў беспартыйны Аляксандар Ляўчук, галоўны ветэрынарны ўрач Аранчыцкай птушкафабрыка.

Дарэчы, дзіўная сітуацыя адбылася вакол яго персоны. На 28 кастрычніка некаторых бярозаўскіх пенсіянераў (у тым ліку апазіцыйную кандыдатку ў дэпутаты Таццяну Тарасевіч і праваабаронцу Тамару Шчапёткіну), што перыядычна альбо час ад часу займаюцца ў сацыяльнм цэнтры тэрытарыяльнага абслугоўвання, яго супрацоўніца настойліва запрашала на сустрэчу ў гэтым цэнтры з Аляксандрам Ляўчуком. Як падкрэслівае Сяргей Русецкі, гэты сацыяльны цэнтр не ўваходзіць у пералік памяшканняў для правядзенняў сустрэчаў кандыдатаў з выбаршчыкамі. Калі ён і Тамара Шчапёткіна прыйшлі туды ў прызначаны час, то дырэктар цэнтра Міхаіл Барушка паведаміў, што ніякай сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты не планавалася.

У той жа час у Днепра-Бугскай выбарчай акрузе №10 выбарчая камісія на сваім пасяджэнні 24 кастрычніка прыняла заяву аб зняцці сваёй кандыдатуры з выбараў начальніка Драгічынскага раёна газазабеспячэння «Березагаз», вылучэнца ад Камуністычнай партыі, Мікалая Доўгуна. Такім чынам у Днепра-Бугскай выбарчай акрузе №10 засталося толькі 2 кандыдаты: Святлана Барташ - старшыня Драгічынскага райсавета, і Віктар Кавалюк - педагог дадатковай адукацыі школы №10 Брэста.

У Лунінецкай акрузе №13 з выбараў знялася беспартыйная прафсаюзны лідэр раёна з праўладнага прафсаюза АПК Вольга Ермалёнак, а ў Пінскай сельскай акрузе №15 -  старшыня Лапацінскага сельсавета Аляксандр Майсяянчык.

Падобная сітуацыя адбылася ў Бабруйскай-Ленінскай і Столінскай выбарчых акругах. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары