Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Андрэй Бастунец: Надпіс на майцы "ЗА Беларусь без Лукашэнкі. Хопіць, дастаў" не можа з'яўляцца абразай

Андрэй Бастунец.
Андрэй Бастунец.

Сябра Назіральнага савета па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі Андрэй Бастунец 30 кастрычніка прыняў удзел у пасяджэнні гэтага органа пры ЦВК. Савет разглядаў скаргі кандыдатаў у дэпутаты, выступы якіх не пусцілі ў эфір.

Па выніку пасяджэння эксперт падзяліўся сваімі рэфлексіямі наконт абмежаванняў пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі.

Як гаворыцца, меркаванні разышліся. Адзин голас за задавальненне скаргаў, сем - супраць. У кожным выпадку. Што і чакалася...

З астатнімі членамі Назіральнага савета ў мяне "раптоўна" выявілася прынцыповае разыходжанне адносна магчымасцяў легітымнага абмежавання свабоды слова наогул і свабоды перадвыбарчага выступу кандыдата ў дэпутаты ў прыватнасці. Апошняя наогул павінна мець дадатковую абарону.

Я спасылаўся на артыкулы Выбарчага кодэкса (47, 75), якія выразна усталёўваюць выпадкі абмежаванні пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі. У маіх апанентаў планка магчымасці такіх абмежаванняў апынулася істотна заніжанай. Да ўсяго, яны апелявалі да Закону аб СМІ, які ўсталёўвае гутаперчавы пералік "забароненай" інфармацыі (які пасля пералічэння некалькіх яе відаў сканчаецца словамі "а таксама іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена ...").

Мая пазіцыя: дзяржаўныя медыя прадастаўляюць толькі плошчу і час і не могуць ўмешвацца ў змястоўную частку. І мае права зняць выступы толькі ў выключных выпадках (спасылаўся на беларускія прававыя нормы, меркаванні Камітэта ААН па правах чалавека, Йоханесбургскія прынцыпы і г.д.).

Ну не з'яўляецца абразай (наўмысным прыніжэннем гонару і годнасці асобы, выяўленай у непрыстойнай форме) надпіс на майцы кандыдата "ЗА Беларусь без Лукашэнкі. Хопіць, дастаў"!

…Не з'яўляюцца распальваннем сацыяльнай розніцы словы аб пазбаўленні выслугі "дэпутатаў-прызначэнцаў, якія выконвалі ролю і абаранялі ўладу" (бо дэпутаты не з'яўляюцца сацыяльнай групай па ўсіх канонах і стандартах).

Паставіў пытанне аб допуску на пасяджэння Назіральнага савета журналістаў. Адказ адмоўны. Маўляў, працоўны працэс, няма месцаў і г.д.”

Дарэчы, згодна Палажэння аб Назіральным савеце, на яго пасяджэннях маюць права прысутнічаць члены Цэнтральнай камісіі, работнікі яе апарату, іншыя асобы, запрошаныя на пасяджэнне.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары