Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Падробленыя плакаты, неправедзенае пасяджэнне, зняцце з эфіру. Што адбываецца вакол кандыдата Маслоўскага?

Блогер і вылучэнец ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Маслоўскі балатуецца ў дэпутаты па Кальварыйскай акрузе № 104 (Фрунзенскі раён Мінска). Па гэтай жа акрузе вылучаецца ўладальніца тытула «Міс Беларусь», актывістка БРСМ, якую прасоўвае асабіста Аляксандр Лукашэнка, 22-гадовая Марыя Васілевіч. І менавіта з-за такой канкурэнцыі, на думку Мікалая Маслоўскага і АГП, блогера вельмі хочуць хутчэй зняць з выбараў. Што ж адбылося?

Мікалай Маслоўскі. Фота dev.by
Мікалай Маслоўскі. Фота dev.by

Мікалай Маслоўскі зафіксаваў два парушэнні выбарчага заканадаўства з боку Марыі Васілевіч і яшчэ аднаго кандыдата - Генадзя Насевіча, які балатуецца ад Камуністычнай партыі Беларусі. Іх плакаты, размешчаныя на стэндах «Выбары-2019», не ўтрымлівалі выходных дадзеных. Маслоўскі напісаў скаргі ў акруговую камісію, аднак адказу на іх так і не атрымаў.

Затое ўжо на наступны дзень, па словах блогера, хтосьці развесіў на стэндах плакаты з яго фатаграфіяй, якую ён раней размясціў у сацыяльных сетках з мэтай атрымання фінансавай падтрымкі ад выбаршчыкаў. Падробленыя плакаты не ўтрымлівалі выходных дадзеных. Блогер зняў пра гэта відэаролік, у якім заявіў, што гэта правакацыя, і плакаты ён не развешваў.

Рэакцыя акруговай камісіі не прымусіла сябе доўга чакаць, і Мікалая Маслоўскага выклікалі на пасяджэнне 30 кастрычніка для разгляду скаргі аб «распаўсюдзе» ім фатаграфій без выходных дадзеных. Мікалай Маслоўскі хацеў прыехаць на яго не адзін, былі запрошаны іншыя блогеры, журналісты, а таксама назіральнікі ад АБСЕ. Аднак, як паведаміў у Facebook палітык Анатоль Лябедзька, у апошні момант пасяджэнне адмянілі. Варта адзначыць, што Маслоўскі не змог даехаць да акруговай камісіі, бо яго спыніла ДАІ для вельмі доўгай праверкі дакументаў.

У гэты ж вечар, 30 кастрычніка, на тэлеканале «Беларусь-3» трансляваліся выступы кандыдатаў у дэпутаты па Кальварыйскай акрузе. Аднак выступ Мікалая Маслоўскага ў эфір не выйшаў.

Прычыны цэнзуры стануць вядомыя ў бліжэйшы час. Як і тое, ці будзе ўсё ж такі вынесена кандыдату папярэджанне альбо не.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары