Грошай няма? Гайд па выбарчых фондах мінскіх кандыдатаў
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары» праверыла, наколькі адкрытая і даступная інфармацыя аб выбарчых фондах кандыдатаў, якія балатуюцца ў дэпутаты па акругах горада Мінска. Такую інфармацыю павінны размяшчаць адміністрацыі раёнаў на сваіх сайтах у адпаведным раздзеле "Выбары-2019". Але ці размяшчаюць? Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне і наогул інфармацыю аб выбарчых фондах кандыдатаў па 20 мінскіх акругах мы прааналізавалі дзевяць сайтаў адміністрацый Мінска. Вось, што з гэтага атрымалася.
Адразу абмовімся, што па гэтым пытанні наогул няма ідэальных сайтаў: на адным прысутнічае толькі інфармацыя пра адкрыццё рахунку, на іншым ёсць звесткі аб руху сродкаў, але яна неактуальная і толькі на некалькіх размешчана больш-менш поўная інфармацыя. Давайце больш падрабязна.
У Мінску толькі на адным сайце адміністрацыі няма наогул згадак пра адкрыццё спецыяльных рахункаў або руху сродкаў — гэта сайт адміністрацыі Партызанскага раёна. Тут пра фонды кандыдатаў, якія балатуюцца па Мінскай-Партызанскай выбарчай акрузе №110, невядома нічога.
Так, адміністрацыя Ленінскага раёна апублікавала толькі паведамленні па дзвюх акругах аб адкрыцці спецыяльных выбарчых рахункаў, але звестак пра паступленне і выдаткоўванне сродкаў уласных выбарчых фондаў няма.
Дарэчы, не ўсімі кандыдатамі адкрыты такія рахункі: па Свіслацкай акрузе №94 з пяці кандыдатаў адкрылі чатыры, а па Купалаўскай №95 — пяць з сямі.
Такая ж сітуацыя з інфармацыяй аб выбарчых фондах і на сайце адміністрацыі Савецкага раёна. Па Коласаўскай акрузе №106 размешчана інфармацыя, што ўсе шэсць кандыдата адкрылі спецыяльныя рахункі. Па Усходняй акрузе №107 — пяць з сямі, сярод іх і старшыня "Белай Русі" Генадзь Давыдзька. Інфармацыю аб руху сродкаў кандыдатаў адміністрацыя не публікуе.
Далей цікавей — мы знайшлі крыху лічбаў. На сайце адміністрацыі Першамайскага раёна апублікаваная інфармацыя пра рэквізіты выбарчых рахункаў усіх кандыдатаў па двух акругах: Каліноўскай №108 і Уручскай №109. Але інфармацыя аб руху сродкаў маецца толькі па першай акрузе. Праўда, звесткі прадстаўленыя па стане на 29 кастрычніка:
- Алег Гайдукевіч, кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі (паступіла на рахунак 1600 рублёў, выдаткаваў — 990);
- Віталь Петрашкевіч (паступіла 200 рублёў, выдаткаваў — 155);
- Аляксандр Мялешчанк (паступіла 60 рублёў, але ён яшчэ не паспеў іх выдаткаваць).
У астатніх кандыдатаў у двух графах — нулі.
Самая поўная інфармацыя аб выбарчых фондах змяшчаецца на сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Тут адна акруга — Старавіленская №105. У раздзеле пра выбары размешчана інфармацыя, што чатыры кандыдата з шасці адкрылі спецыяльныя рахункі. Па двух з іх ёсць інфармацыя аб руху сродкаў:
- Святлана Любецкая (паступіла — 3600 рублёў, выдаткавана — 3094);
- Мікалай Казлоў (паступіла — 1364,12 рублёў, выдаткавана — 1314,12);
Па двух іншых кандыдатах (Ігар Кірыленка і Аляксандр Апарын) няма наогул інфармацыі аб руху сродкаў на гэтых рахунках.
Сайт адміністрацыі Фрунзенскага раёна публікуе інфармацыю выбарачна. Тут чатыры акругі, і па Пушкінскай №103 наогул няма ніякай інфармацыі пра выбарчыя фондах кандыдатаў. Па Заходняй акрузе №102 і Кальварыйскай №104 ёсць інфармацыя толькі аб адкрыцці спецыяльных выбарчых рахункаў кандыдатамі, звестак аб руху сродкаў на іх няма.
Затое АВК па Каменнагорскай акрузе №107 размясціла поўную інфармацыю пра рух сродкаў сваіх кандыдатаў:
- Дзіяна Чарнушына (паступіла 70 рублёў, не выдаткавана нічога);
- Ганна Старавойтава (паступіла 1115, нічога не выдаткавана).
У кандыдата Андрыяна Дыбоўскага нулі па двух графам.
На сайце адміністрацыі Кастрычніцкага раёна даволі поўная інфармацыі аб выбарчых фондах кандыдатаў па двух акругах. Тут ёсць звесткі пра адкрыццё рахункаў і трохі інфармацыі аб руху сродкаў.
Па Чкалаўскай акрузе №96 паказана, што з выбарчы фонд кандыдаткі Т. Церахавай паступіла 500 рублёў, але нічога не выдаткавана. Апублікаваная інфармацыя тут таксама аб знятай з выбараў Аксаны Юшкевіч (у яе нулі). Мабыць, інфармацыя даўно не абнаўлялася. Што да другога акругі — Кастрычніцкага №97, то звесткі аб агульнай суме сродкаў, якія паступілі ў выбарчыя фонды размешчана толькі па двух кандыдатах з пяці. Але ў іх усюды нулі.
Адносна поўную інфармацыю аб выбарчых фондах кандыдатаў можна даведацца з сайта адміністрацыі Заводскага раёна. Тут размешчана інфармацыя і аб адкрыцці рахункаў і аб руху сродкаў на іх.
Так, на на Шабаноўскай акрузе №91 рух на рахунках маецца толькі ў двух кандыдатаў:
- Алена Казлоўская (паступіла 328,99 рублёў, з іх выдаткавана — 151,493);
- Галіна Лагунова (паступіла 1515 рублёў, выдаткавана — 1067).
У двух астатніх — нулі.
На Аўтазаводзкай акрузе №92 рух сродкаў заўважаны ва ўсіх кандыдатаў, акрамя аднаго (Дзяніс Жораў рахунак не адкрываў). Агульная сума сродкаў, што паступіла па гэтай акрузе на чатырох кандыдатаў — 3033 рубля. З іх выдаткаваныя — 2640,3. Тут кандыдаты выкарысталі амаль усе сродкі, якія паступілі ў іх фонды.
Кандыдаты Васняцоўской акругі №93 таксама даволі актыўныя ў гэтым плане. З пяці кандыдатаў толькі адзін не адкрыў рахунак (Аляксандр Бухвостаў). Тут агульная сума на рахунках кандыдатаў — 4174,5 рублёў, патрацілі — амаль усе, акрамя 50 рублёў (гэта ўсё грошы кандыдата Валянціна Фралова). Тут жа знаходзіцца кандыдатка, у якой самы вялікі па стане на 31 кастрычніка выбарчы фонд — Марына Шкроб (3 183,80 рублёў). Яна намесніца галоўнага ўрача ў «5-ай гарадской клінічнай бальніцы».
Адміністрацыя Маскоўскага раёна горада Мінска публікуе інфармацыю выбарачна. Так, мы змаглі даведацца аб руху сродкаў па Грушаўскай акрузе №98 толькі адной кандыдаткі Людмілы Макарына-Кібак: паступіла 2255 рублёў, выдаткавана — 1488,26. Ёсць інфармацыі аб адкрыцці рахунаў толькі чатырох з шасці кандыдатаў.
Па Паўднёва-Заходняй акрузе №99 апублікаваная інфармацыя аб руху сродкаў у выбарчых фондах па трох кандыдатах з сямі:
- Віталь Васілеўскі (паступіла 190,50 рублёў, не выдаткаваў нічога);
- Дзмітрый Курыльскі (паступіла 250 рублёў, таксама нічога не выдаткаваў);
- Ігар Камароўскі (з паступіўшых 2255 рублёў у фонд выдаткавана 1555,20).
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале