Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

ЦВК не знайшла падставы для аднаўлення ў кандыдатах прадстаўніка “Моладзевага блоку”

Уладзіслаў Сыса
Уладзіслаў Сыса

На пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі 31 кастрычніка разглядалася скарга кандыдата па Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе № 3 Уладзіслава Сысы аб пазбаўленні яго статусу кандыдата ў дэпутаы Палаты прадстаўнікоў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" нагадваюць, што 21 кастрычніка Брэсцкая абласная выбарчая камісія пазбавіла актывіста “Моладзевага блоку” Уладзіслава Сысу, які вылучаўся ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, статусу кандыдата ў дэпутаты. Падставай стала "адсутнасць пастаяннага месца жыхарства ў Беларусі". 

Камісія спаслалася на факт часовага выезду Уладзіслава на вучобу ў магістратуру Варшаўскага універсітэта, куды ён паступіў у мінулым годзе. А таксама на інтэрв’ю актывіста “Еўрарадыё”, дзе ён сказаў наступнае: “летам я пастаянна знаходжуся ў Беларусі, а астатні час у Польшчы”. На думку камісіі, гэта парушае частку 2 артыкула 57 Выбарчага кодэкса, якая прадугледжвае, што кандыдат у дэпутаты павінен пастаянна пражываць на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым Сыса меў і мае пастаянную беларускую прапіску.

Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў адмовіла ў задавальненні скаргі Уладзіслава Сысы.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары