На "падтанцоўцы" выбараў - прафсаюзы і БРСМ
Згодна з Каляндарным планам выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання з 12 па 16 лістапада будзе праводзіцца датэрміновае галасаванне, а 17 лістапада - асноўны дзень галасавання. Хто ж будзе назіраць за працэсам волевыяўлення грамадзянаў у Віцебскім рэгіёне?
Выбарчымі камісіямі было акрэдытавана 2220 назіральнікаў у Віцебскай вобласці.
З іх назіраць у тэрытарыяльнай камісіі будзе дзевяць чалавек, у 14 акруговых камісіях - 102 чалавекі, і 2109 назіральнікаў адправяцца на ўчасткі, якіх у гэтую кампанію сфармавана 768.
Працоўныя калектывы вылучылі сваіх назіральнікаў (119 чалавек) для працы толькі на выбарчых участках. Яшчэ 132 грамадзяніна было акрэдытавана выбарчымі камісіямі шляхам падачы заяваў: трое з іх будуць назіраць у тэрытарыяльнай камісіі, восем - у акруговых, а ўсе астатнія - на участках.
27 назіральнікаў было вылучана палітычнымі партыямі, пры чым больш за ўсё сваіх прадстаўнікоў накіравала назіраць Камуністычная партыя Беларусі на ўчасткі - 23 чалавекі. Яшчэ два сябра гэтай партыі будуць назіраць за ходам выбараў у акруговых камісіях. Па адным прадстаўніку вылучылі апазіцыйныя Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» (у акруговую камісію) і Партыя БНФ (у тэрытарыяльную камісію).
З грамадскіх аб'яднанняў, якія накіравалі сваіх прадстаўнікоў на назіранне, лідзіруе Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі - 621 чалавек. За ёй следам ідуць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі - 369 чалавек, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў - 366 чалавек і Белая Русь - 364 чалавекі.
Незалежнае назіранне будуць забяспечваць 13 сябраў Беларускага Хельсінкскага Камітэта: чатыры назіральнікі на ўчастках, восем у акруговых камісіях і адзін у тэрытарыяльнай.
У Віцебскай вобласці выбарчы працэс застанецца па-за ўвагай з боку прадстаўнікоў Руху "За Свабоду", кампаніі «Гавары праўду» і БНФ "Адраджэнне".
Усяго ад грамадскіх аб'яднанняў на назіранне было акрэдытавана - 1942 чалавекі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале