Гародня: адміністрацыйны рэсурс і "загон" студэнтаў
На мінулым тыдні ў Гародні можна было выразна прасачыць заканамернасць і сістэмнасць у выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу ў перадвыбарчай агітацыі за праўладных кандыдатаў. Пра гэта паведамляе "Гарадзенская вясна".
Прыкладам, 31 кастрычніка, на сустрэчы кандыдата Ірыны Луканскай (галоўны ўрач гарадской дзіцячай паліклінікі, дэпутат абласнога савету, кіраўнік Гарадзенскай гарадской арагнізацыі Беларускага саюзу жанчын – і гэта ўсё пра яе) па Гарадзенскай-Занёманскай акрузе №49 з студэнтамі Гарадзенскага прафесійнага хіміка-тэхналагічнага каледжу ў актавай залі было сабрана больш 160 студэнтаў. Арганізоўвала сустрэчу кіраўніцтва каледжа па спісах груп студэнтаў. Намесніца дырэктара каледжа, яна ж старшыня ўчастковай выбарчай камісіі №24 Вольга Карпенка ў фае перад уваходам у залу ўласнаручна запісвала тых, хто прыходзіць. Іншыя члены УВК, яны ж завучы і выкладчыкі каледжу, хадзілі са спісамі студэнтаў, сачылі за рассаджваннем прыйшоўшых і адзначалі прысутнасць навучэнцаў.
1 лістапада аналагічная сустрэча прайшла ў Гарадзенскім прафесійным каледжы будаўнікоў, дзе студэнты ня толькі навучаюцца, але і пражываюць побач у інтэрнаце. Дырэктар каледжу Алена Жалязняковіч, яна ж старшыня ўчастковай выбарчай камісіі №26, яна ж дэпутат Гарадзенскага гарсавету, з іншымі работнікамі, членамі камісіі, таксама актыўна дапамагалі ў арганізацыі сустрэчы і сачылі за яўкай і прыйшоўшымі на сустрэчу іншымі выбарцамі, рэгіструючы іх у журнал. Іншай кандыдатцы па гэтай жа акрузе №49 Жанне Гасцяевай (Беларуская партыя «Зялёныя») усё ж таксама ўдалося выступіць, дзякуючы сваёй настойлівасці і ўрэшце вуснай згодзе кандыдата Ірыны Луканскай і акруговай камсіі, пасля дзвюх скаргаў на кіраўніцтва гэтай АВК. На сустрэчы прысутнічалі каля 60 студэнтаў.
Відавочна, што для арганізацыі сустрэч з праўладнымі кандыдатамі актыўна выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале