Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аднабокая агітацыя, адсутнасць галоснасці і папярэджанні кандыдатам у Віцебску

Як піша "Віцебская Вясна", агітацыйныя мерапрыемствы праходзяць у Віцебску пры поўным дамінаванні кандыдатаў, якіх мясцовыя назіральнікі называюць «праўладнымі». Іх жа канкурэнтам выносяць папярэджанні і ніяк не спрыяюць у арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі. Яшчэ адна тэндэнцыя: актывізаваўся БРСМ…

Нікалайкін – сем сустрэч, Гаўруцікаў – адна…

Паводле паведамлення афіцыйнага сайту Віцебскага гарвыканкаму, у перыяд ад 1 лістапада і да канца выбарчай кампаніі кандыдат у дэпутаты Віктар Нікалайкін (выбарчая акруга №17) збіраецца правесці чатыры сустрэчы з выбарцамі, Таццяна Аўтухова (акруга №18) – шэсць сустрэч, Святлана Горваль (ВА №19) – пяць, Аляксей Ягораў (акруга №20) – сем, Таццяна Красакова (акруга №20) – дзевяць. Усе гэтыя кандыдаты маюць магчымасць сустракацца з выбарцамі ў вялікіх памяшканнях дзяржаўных арганізацый і ўстановаў. Ім адкрытыя аўдыторыі школаў, ліцэяў, вучэльняў і ўнівэрсытэтаў. Адказныя за ідэалогію забяспечваюць яўку электарату на сустрэчы.

Між тым, адзіны апазыцыянер, вылучэнец ад Партыі БНФ Аляксей Гаўруцікаў мае магчымасьць правесці толькі адну сустрэчу.

Назіральніка не пускаюць на запіс тэледэбатаў

Ад 4 лістапада тэлерадыёкампанія «Віцебск» пачынае запіс тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты беларускага парламенту. Гэты запіс будзе вырабляцца закрыта і негалосна.

Назіральнік Леанід Свецік папрасіў аб дазволе прысутнічаць на запісе тэледэбатаў, але дзейная дэпутатка Савету Рэспублікі НС РБ і адначасна кіраўнічка тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Алена Панцюхова не дазволіла яму рэалізаваць правы назіральніка.

На думку Леаніда Свеціка, дырэктарка тэлерадыёкампаніі, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, парушае выбарчае заканадаўства. У прыватнасці, яна ўчыніла правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 9.10 КаАП РБ (парушэнне заканадаўства аб выбарах).

Актывізаваўся БРСМ

Адметнай асаблівасцю сёлетняй выбарчай кампаніі стаў актыўны ўдзел у ёй актывістаў БРСМ. Для павышэння актыўнасці выбаршчыкаў гэтая арганізацыя пачала праводзіць мерапрыемствы, мэтай якіх ёсць прыцягненне людзей на выбарчыя ўчасткі.

Першая такая сустрэча прайшла ў суботу 26 кастрычніка каля крамы «Еўраопт» у мікрараёне Білева. Тут нашчадкі савецкага камсамолу арганізавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, прывабліваючы мінакоў патрыятычнымі песнямі. Раздавалі інфармацыйныя матэрыялы пра выбары, запрашалі віцяблян пагуляць у кампутарныя гульні, узяць удзел у забаўных эстафетах. Падобныя мерапрыемствы БРСМ правёў у Полацку, Лепелі, Воршы, Лёзне і Вушачах. Кожную суботу, аж да канца выбараў, падобныя мерапрыемствы будуць ладзіцца ў розных раёнах Віцебску.

Іншая ініцыятыва, накіраваная на ўдзел актывістаў БРСМ у выбарах, стартавала ў Віцебску 29 кастрычніка.

У межах адзінага дня па падрыхтоўцы і навучанні валанцёраў руху БРСМ «Добрае Сэрца» быў праведзены трэнінг. На ім актывісты вучыліся аказваць дапамогу людзям з інваліднасцю, каб атрыманыя навыкі прымяняць на выбарчых участках у дні датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў.

Трэба адзначыць, што падобны ўдзел актывістаў БРСМ у выбарчай кампаніі наўпрост парушае выбарчае заканадаўства. Дзейны Выбарчы кодэкс не прадугледжвае працу валанцёраў грамадзкіх аб'яднанняў на выбарчых участках. А тым больш – правядзенне агітацыйных кампаній і пікетавання з мэтай павышэння актыўнасці выбаршчыкаў.

Камісіі папярэдзілі кандыдатаў “Справядлівага свету”

Два папярэджанні атрымалі прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Вольга Каравашкіна (выбарчая акруга №19) і Яўген Інц (выбарчая акруга №20).

Факт правядзення сумеснага, не ўзгодненага з уладамі, пікету даверанымі асобамі кандыдатаў быў зафіксаваны ў рапарце ўчастковага інспектара міліцыі АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебску С. Качана. У рапарце паведамляецца аб правядзенні 27 кастрычніка 2019 году на тэрыторыі Чыгуначнага раёну Віцебску каля ГЦ «Марка-Сіці» пікетавання на карысць кандыдатаў у дэпутаты Вольгі Каравашкінай і Яўгена Інца.

Намесніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Алена Шарана, якая прыбыла на месца правядзення пікету па выкліку міліцыянта, забараніла правядзенне пікетавання.

У выніку акруговыя камісіі вырашылі, што сваімі дзеяннямі кандыдаты ў дэпутаты Каравашкіна і Інц парушылі парадак правядзення масавых мерапрыемстваў у мэтах ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі, і вынеслі ім папярэджанні. Кандыдатаў папярэдзілі, што ў выпадку паўторнага парушэння яны могуць быць знятыя з выбарчай гонкі і ім давядзецца кампенсаваць дзяржаўныя выдаткі на выраб перадвыбарчай друкаванай прадукцыі агітацыйнага характару.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары