Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Галоўны ідэолаг Гомельшчыны - галоўны прэтэндэнт на дэпутацтва. І вось чаму

Ірына Даўгала. Фота: belta.by
Ірына Даўгала. Фота: belta.by

Галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці Ірына Даўгала, якая вылучаецца кандыдатам у дэпутаты па Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе №34 звярнулася з перадвыбарнай улёткай да выбаршчыкаў. У вочы кідаецца адсутнасць у праграме інфармацыі аб дзяржаўнай ідэалогіі.

Аб асабістых поспехах кандыдатка таксама сціпла замоўчвае, згадаўшы толькі аб сваёй кар'ернай лесвіцы чыноўніка: у 17 гадоў Ірына Даўгала пачала жыццёвы шлях у райкаме камсамола Гомеля, дасягнуўшы пасады галоўнага ідэолага аблвыканкама, піша "Гомельская вясна".

Чыноўніца замоўчвае пра свае даходы, у той час як па версіі газеты «Гомельскія ведамасці» яна з'яўляецца самым багатым кандыдатам у горадзе. За мінулы год ідэолаг задэкларавала звыш 43-х тыс. рублёў або па 3.637 руб. штомесячнага даходу ($ .1731). З такім цалкам еўрапейскім даходам маёмасць у яе уласнасці адсутнічае. Як мінімум, кандыдат гэты факт афіцыйна пацвярджае.

Звяртаючыся да жыхароў выбарчай акругі, кандыдатка смела бярэ на сябе адказнасць за рамонты "даўгабудаў", будаўніцтва школ, садкоў і нават лазні. Яна лічыць, што ўсё гэта магчыма пры захаванні суверэнітэту краіны пад мірным небам і ў квітнеючай дзяржаве.

Дарэчы, па Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе №34 балатавалася 4 кандыдаты: начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы адкрытага акцыянернага таварыства "Кірмаш", член РППС, Віктар Барысаў, юрыст таварыства з абмежаванай адказнасцю «Экалогіка», член ЛДП, Вольга Ігнаценка, член АГП, якая ажыццяўляе догляд за інвалідам 1 групы Таццяна Канеўская і беспартыйная Ірына Даўгала.

Рахункі для стварэння выбарчых фондаў адкрылі трое з іх, за выключэннем Віктара Барысава.

І толькі ў Ірыны Даўгала адзначана паступленне (1500 рублёў) і расходаванне (919,57 рублёў) грашовых сродкаў. Гэта адказ на галоўнае пытанне - кандыдатка ўсур'ёз рыхтуецца да заваявання парламента.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары