Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Словы “міліцэйскае бязмежжа” могуць выклікаць сацыяльную напружанасць у грамадстве

Уладзімір Мароз. Фота: "Берасцейская вясна".
Уладзімір Мароз. Фота: "Берасцейская вясна".

Брэсцкая абласная камісія 4 лістапада разгледзела скаргу апошняга з кандыдатаў-праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ Уладзіміра Мароза на рашэнне АВК-4 аб адмене рашэння аб рэгістрацыі яго кандыдатам.

"Берасцейская вясна" нагадвае, 1 лістапада Уладзіміра Мароза абвінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак без выходных дадзеных, несвоечасовага зыходу ў адпачынак і спробу правесці сустрэчу з выбаршчыкамі без своечасовага ўведамлення.

Старшыня АВК-4 Надзея Зайцава патлумачыла абласной камісіі, што размова аб сустрэчы была, але пісьмовага паведамлення не было.

Давераная асоба кандыдата Сяргей Вакуленка запярэчыў:

“Дырэктар клуба папрасіла, каб мы звярнуліся у камісію, а камісія параіла дамовіцца з клубам і вызначыцца з датай, мы выканалі ўсе патрабаванні і нават больш…  Я звяртаўся 28-га, а атрымаў адказ па пошце 4-га...”

Кандыдат Уладзімір Мароз патлумачыў, што не займаўся распаўсюдам ўлётак без выходных дадзеных.

"Гэта карысна маім канкурэнтам па выбарах. Адзін з трох інфарматараў - кандыдат па акрузе.”

Давераная асоба кандыдата Раман Кісляк:

“Улёткі гэта нейкая спецаперацыя, некалькі штук павесілі і хуценька знялі і даставілі... Так любога можна зняць! Гэта грубая правакацыя, ніякай праверкі не праводзілася і вінаватыя не ўстанаўліваліся".

Старшыня абласной камісіі Аляксандр Каляда лічыць, што ў кандыдата Уладзіміра Мароза ёсць прыкметы парушэнняў: “Словы “міліцэйскае бязмежжа” могуць выклікаць сацыяльную напружанасць у грамадстве. Ці гэта не абраза супрацоўнікаў міліцыі?”

Старшыня аблкамісіі Аляксандар Каляда прапануе камісіі адмовіць у задавальненні скаргі і ставіць на галасаванне.

Двое членаў камісіі ўстрымаліся, бальшыня “ЗА”.

Кандыдат Уладзімір Мароз мае намер абскардзіць рашэнне Брэсцкай абласной камісіі ў судзе.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары