Бабруйскія цэнзары адмовілі кандыдату ад АГП ў публікацыі перадвыбарнай праграмы
Дзяржаўная газета «Бабруйскае жыццё» адмовілася друкаваць перадвыбарную праграму кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад АГП па Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акрузе №78 Аляксандра Комара. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў аднапартыец кандыдата Уладзімір Шанцаў.
“Цэнзура нават даведку выдала. І гэта нягледзячы на тое, што ў артыкуле 33. Канстытуцыі запісана:"Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца", - піша ён.
Паводле слоў кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Комара, рашэнне не друкаваць яго праграму прымалася на рэдакцыйным савеце, які рэкамендаваў унесці змены ў фармулёўку ў пункце «Як гэта рабіць». Калі ж ён не пагодзіцца, запэўнілі, што не будуць публікаваць праграму.
Аляксандр Комар напісаў, што «з Лукашэнкам у краіны няма будучыні. Ён завёў краіну ў тупік». Друкарня імя Непагодзіна таксама адмовілася друкаваць яму ўлёткі. Машына зламалася. І будзе зламаная да канца выбараў, калі Аляксандр словы пра Лукашэнку не прыбярэ.
Па звестках прадстаўнікоў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, грамадзяне не змаглі пачуць выступы, альбо азнаёміцца з перадвыбарчымі праграмамі наступных кандыдатаў:
- Уладзімір Няпомняшчых, кандыдат ў дэпутаты па Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №33 ад партыі АГП – тэлевыступ на “Беларусь-3”;
- Аксана Юшкевіч, кандыдатка ў дэпутаты па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96 ад “Еўрапейскай Беларусі” – “Радыё Мінск” і тэлеканал “Беларусь-3”;
- Міхаіл Бандарэнка, кандыдат у дэпутаты па Мазырскай выбарчай акрузе №42 ад партыі БНФ – «Беларусь-3».
- Дзіяна Чарнушына, кандыдатка ў дэпутаты па Мінскай-Каменнагорскай выбарчай акрузе №101 ад партыі АГП – газета “Звязда”;
- Ірына Давідовіч, кандыдатка ў дэпутаты па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54 ад партыі АГП – тэлевыступ на “Беларусь-3”;
- Мікалай Маслоўскі, кандыдат у дэпутаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104 ад партыі АГП – тэлевыступ на “Беларусь-3”;
- Дзмітрый Савіч, актывіст “Еўрапейскай Беларусі”, кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай выбарчай акрузе №46 ад партыі БНФ – тэлеканал “Беларусь 3”;
- Мікалай Казлоў, кандыдат у дэпутаты па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105, старшыня партыі АГП – тэлеканал “Беларусь 3”;
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале