Кандыдатцы вынеслі папярэджанне за плакат "Далоў дыктатуру страху!"
Як піша Радыё Рацыя, камісія ўбачыла парушэнні выбарчага заканадаўства падчас правядзення агітацыйнага пікета 29-га кастрычніка.
Гэта быў супольны пікет кандыдаткі ў дэпутаты па Наваполацкай акрузе №24 Вольгі Дамаскінай і прадстаўнікоў партыі Народнай Грамады. За пікетоўцамі пільна назірала міліцыя, і менавіта міліцыянты звярнуліся ў акруговую камісію. Папярэджанне Вользе Дамаскінай абвясцілі нібыта за парушэнне артыкула №47 Выбарчага кодэксу.
– У артыкуле №47, я зачытала ім уголас, забараняецца прапаганда вайны, заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу… Камісіі не спадабаўся выраз на плакаціку “Далоў дыктатуру страху!”. Дык што, і камісія, значыцца, згодная з тым, што ў нас ёсць гэтая дыктатура страху? – кажа кандыдатка.
Папярэджанне Вольга Дамаскіна атрымала ўвечары 5-га лістапада, амаль праз тыдзень пасля пікету з плакатам. Жанчына мяркуе, што так доўга шукалі падставаў для спагнання невыпадкова: насцярожанасць з боку ўладаў мог выклікаць якраз не гэты, а самы апошні агітацыйны пікет, які прайшоў 3-га лістапада з удзелам мінскіх прадстаўнікоў Руху “За Свабоду”.
Агітацыя з музычным суправаджэннем і выступамі актывістаў выклікала вялікую цікаўнасць мінакоў. Людзі не хавалі сваіх палітычных сімпатый, абяцаючы прагаласаваць “за апазіцыю”, і гэта магло падацца небяспечным, лічыць Вольга Дамаскіна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале