Гарадзенская абласная камісія не задаволіла скаргу кандыдаткі Давідовіч на папярэджанне
У Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі пятага лістапада прайшло чарговае пасяджэнне. На ім былі разгледжаныя два пытанні: па гатоўнасці ўсіх службаў да выбарчага працэсу падчас датэрміновага галасавання і непасрэдна ў дзень выбараў, а таксама разгляд скаргі Ірыны Давідовіч, кандыдаткі па Іўеўскай акрузе № 54.
Нагадаем, што яна скардзілася на рашэнне АВК, якое абвесціла ёй папярэджанне за распаўсюд у сацыяльных сетках свайго перадвыбарчага тэлевыступу, які быў зняты цэнзурай з тэлеэфіру.
Камісія аднагалосна прагаласавала адмовіць у задавальненні скаргі кандыдаткі. У камісіі палічылі, што змест у прадвыбарчым роліку ў сацсетках ідэнтычны таму выступу, што быў забаронены для паказу у тэлеэфіры. Той выступ, на думку зноў жа камісіі, мог прывесці да распальвання сацыяльнай варожасці.
На камісіі таксама прагучала, што “… Ірына Давідовіч вырашыла навязаць сваё меркаванне ўсім выбарцам вобласці, заклікамі, якія прыводзяць да сацыяльнай напругі. А сам жа прадвыбарчы відэаролік кандыдаткі ў дэпутаты пабудаваны на негатыўных меркаваннях і жорсткай крытыцы палітыкі ўладаў…”.
На пасяджэнні прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель і два міжнародныя назіральнікі АБСЕ. Ірына Давідовіч нязгодная з рашэннем Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі і мае намер абскардзіць яго ў Гарадзенскім абласным судзе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале