Палітычны складнік прэвалюе над правам. Што адказалі ў Вярхоўным судзе экс-кандыдату Уладзіславу Сысе?
Уладзіслаў Сыса, які вылучаўся кандыдатам у дэпутаты па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3 ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і быў пазбаўлены рэгістрацыі, звярнуўся ў Вярхоўны суд.
Раней Брэсцкая абласная выбарчая камісія адмяніла рашэнне АВК аб рэгістрацыі Уладзіслава Сыса кандыдатам з-за таго, што ён стала не пражывае на тэрыторыі Беларусі, бо з’яўляецца студэнтам Варшаўскага ўніверсітэта на дзённым аддзяленні. Каб вырашыць пытанне аб адмене рэгістрацыі хлопец спачатку звярнуўся ў ЦВК, але там адмовілі ў задавальненні скаргі. Тады ён звярнуўся ў Вярхоўны суд.
Вярхоўны суд у сваім рашэнні на скаргу Уладзіслава Сыса ад 5 лістапада адзначыў, што згодна з ч. 2 арт. 57 Выбарчага кодэксу дэпутатам палаты прадстаўнікоў можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года і пастаянна пражывае ў краіне.
Суддзя Валянціна Кулік палічыла, што “сыходзячы з сістэмнага тлумачэння ўказанай нормы і выбарчага заканадаўства, пастаянна пражываючым у Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца грамадзянін, месцам прыбывання і знаходжання якога, у тым ліку працы, з’яўляецца тэрыторыя нашай дзяржавы. Менавіта такі грамадзянін можа быць абраны дэпутатам заканадаўчага органа для ажыццяўлення на прафесійнай падставе дзяржаўнай дзейнасці”.
Што тычыцца Уладзіслава Сыса, то ён яшчэ ў 2014 годзе выехаў у Рэспубліку Польшчу, дзе праходзіць навучанне да цяперашняга часу. З прадстаўленай ім дэкларацыі вынікае, што крыніцай яго прыбытку ў Польшчы з’яўляецца стыпендыя і ўзнагароджанне за працу ў адным з польскіх гатэляў.
“Такім чынам, паколькі заяўнік працяглы час фактычна пастаянна пражывае і працуе за межамі Рэспублікі Беларусь, рашэнне аб рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь было правамерна адмененае”, - указвае суддзя.
У выніку Вярхоўны суд пакінуў рашэнне ЦВК без зменаў, а скаргу Уладзіслава Сыса без задавальнення.
Варта азначыць, што “Праваабаронцы за свабодныя выбары” неаднаразова ўказвалі на рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 15 чэрвеня 2001 года “Аб прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда адносна выкарыстоўваемага ў артыкуле 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі вызначэння “грамадзянін Рэспублікі Беларусь, пастаянна пражываючы ў Рэспубліцы Беларусь”, дзе ўстаноўлена, што пры вызначэнні месца пастаяннага пражывання трэба ўлічваць не толькі месца фактычнага знаходжання асобы ў той ці іншы перыяд часу, але і яго намер мець дадзенае месца ў якасці месца свайго пастаяннага пражывання.
Так, па меркаванні Канстытуцыйнага суда, склад гэтага панятку прадвызначаецца мэтамі выезда за межы Рэспублікі: ці з’яўляецца выезд часовы або гэта выбыццё на пастаяннае месца жыхарства ў іншую дзяржаву. У якасці часовага выезду можна разглядаць выезд у службовую камандзіроўку, на вучобу, адпачынак, для лячэння і па іншых уважлівых прычынах, якія сведчаць аб часовым знаходжанні за межамі Рэспублікі Беларусь. Таксама на карысць часовага характару прабывання за межамі краіны і захаваннем Беларусі ў якасці месца пастаяннага пражывання сведчаць такія абставіны, як захаванне грамадзянства, адсутнасць аформленага выезду на пастаяннае месца жыхарства ў іншую дзяржаву, атрыманне прытулку ў замежнай дзяржаве.
Такім чынам, на думку праваабаронцаў, адмова ў рэгістрацыі Уладзіслава Сыса ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў незаконная, бо звязаная з адвольным тлумачэннем выбарчымі камісіямі паняцця "грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь" насуперак Вырашэнню Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Варта адзначыць, што ініцыятарам звароту ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у 2001 годзе з'яўлялася сама Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь. Але цяпер атрымоўваецца, што палітычны складнік прэвалюе над правам.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале