Прарэктар БарДУ прымусова збіраў грошы са студэнтаў у свой выбарчы фонд
Прарэктар па выхаваўчай працы Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Павел Папко, які балатуецца ў дэпутаты па Баранавіцкай-Усходняй акрузе №6, выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс.
У тэлеграм-канале “Отчислено” з’явілася інфармацыя ад студэнтаў БарДУ, што прарэктар у прымусовым парадку збірае з навучэнцаў грошы для свайго перадвыбарчага фонду. Таксама студэнты ўзгадваюць, што на этапе збору подпісаў жыхароў інтэрнату прымушалі падпісвацца за Папко.
Інфармацыю пра прымусовы збор грошай у выбарчы фонд Паўла Папко пацвердзіла адна са студэнтак БарГУ назіральніку кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксандру Вайцешыку.
Агульная сума сродкаў, якая паступіла на выбарчы рахунак кандыдата Папко за месяц агітацыі – 1481,25 рублёў (з іх ужо выдаткавана 1405 р.). Якая частка з гэтай сумы сабрана такім сумнеўным шляхам – застаецца толькі здагадвацца.
Павел Папко – самы малады кандыдат на акрузе. Ён беспартыйны, вылучаўся шляхам збора подпісаў і ад працоўнага калектыву.
Па інфармацыі udf.by, падчас прэзідэнцкіх выбараў-2010 імя Паўла Папко трапіла ў СМІ, калі студэнты распавялі, што ён адкрыта папярэджваў іх пра магчымыя негатыўныя наступствы за пастаўлены подпіс за апанентаў Лукашэнкі - у тым ліку, аб магчымай страты месца ў інтэрнаце.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале