Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Пачынаецца датэрміновае галасаванне: што трэба ведаць выбаршчыкам

У Беларусі 12 лістапада пачынаецца датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Па дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, усяго створаны 5 832 выбарчы ўчастак, з іх 238 размешчаныя ў  санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальнiцах i іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах. Тут датэрміновае галасаванне не прадугледжанае.

Яшчэ 17 выбарчых участкаў утвораныя ў вайсковых частках.

Як правіла, выбарчыя ўчасткі пад час датэрміновага галасавання працуюць з 10-00 да 14-00 гадзін, а ў другой палове дня  з16-00 да 19-00 гадзін.

Датэрміновае галасаванне прадугледжвае магчымасць выказаць волевыяўленне тым выбарцам, якія не не могуць прагаласаваць у асноўны дзень галасавання. Аднак звычайна гэтым карыстаюцца для загонаў на датэрміновае галасаванне студэнтаў, супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, вайскоўцаў.

Так напрыклад, у датэрміновым галасаванні на парламенцкіх выбарах 2016 года ўзялі ўдзел 31,29 % выбарцаў – гэта болей, чым на папярэдніх парламенцкіх выбарах 2012 г. (25,9%).

Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у ранейшыя гады неаднаразова фіксавалі шматлікія факты прымусу грамадзян да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні з боку адміністрацыі прадпрыемстваў і ВНУ. Фактычна, датэрміновае галасаванне ператварылася ў норму, што не адпавядае патрабаванням Выбарчага кодэксу.

Трэба ведаць, што выбары – гэта права, а не абавязак, і кожны грамадзянін мусіць самастойна абіраць калі і за каго галасаваць.

Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі пад час датэрміновага галасавання, калі ласка, тэрмінова паведамляйце назіральнікам: elections2019@spring96.org.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары