Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Ці зверне пракуратура ўвагу на парушэнні пры фарміраванні ўчастковых выбаркамаў

Аляксей Сігаеў. Фота: pvby.org
Аляксей Сігаеў. Фота: pvby.org

Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў звярнуўся ў пракуратуру Мінска з просьбай праверыць інфармацыю аб парушэннях пры фармаванні ўчастковых выбаркамаў.

Сігаеў растлумачыў БелаПАН, што 8 кастрычніка ў судзе Савецкага раёна сталіцы разглядалася скарга на неўключэнне ў склад участковых выбарчых камісій 32 сябраў БСДП (Грамада). У ходзе слуханняў ўдзельнікам працэсу быў прадстаўлены шэраг дакументаў, сярод якіх выпіска з пратакола пасяджэння Мінскай гарадской арганізацыі Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі. Паводле яго, у склад камісіі ўчастку № 554 выбарчай акругі № 106 быў вылучаны сябра БССП Цімафей Заянчкоўскі, аднак па рашэнні адміністрацыі Савецкага раёна ў склад камісіі ад БССП была ўключана Вольга Хасіева.

У заяве Сігаеў адзначае, што ў адпаведнасці з артыкулам 35 Выбарчага кодэкса партыі могуць вылучаць у склад участковых камісій толькі па адным прадстаўніку.

«Атрымліваецца, што ў склад камісіі ўключылі не таго чалавека, якога вылучалі ад партыі», - сказаў Сігаеў.

Ён просіць правесці праверку, звязаную з падробкай дакументаў у адміністрацыі Савецкага раёна, вызначыць датычных і распачаць у дачыненні да іх крымінальную справу.

Акрамя таго, Сігаеў накіраваў заяву ў пракуратуру Мінска для праверкі законнасці рашэння адміністрацыі Савецкага раёна аб фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій. У прыватнасці, у камісію на ўчастку № 518 была вылучана ад грамадзян шляхам падачы заявы Кацярына Бугаёва.

 «На тым жа судзе мы атрымалі спіс падпісантаў, у ім было 11 чалавек. Я ўбачыў, што сярод іх ёсць подпісы двух грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі 519-га ўчастка. Згодна з артыкулам 35 Выбарчага кодэкса заяву аб вылучэнні павінна быць падпісана не менш чым 10 грамадзянамі, якія пражываюць на тэрыторыі ўчастка. Але атрымліваецца, што ёсць подпісы толькі за дзевяць чалавек», - растлумачыў Сігаеў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары