Барысаў: апячатванне скрыні датэрміновага галасавання прайшло за зачыненымі дзвярыма. Фотасхема
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Мацкевіч па Барысаўскай гарадской выбарчай акругі №62 не змог патрапіць на ўчастак для галасавання №24 падчас правядзення працэдуры апячатвання скрыні.
Права прысутнічаць у дзень галасавання ў памяшканнях для галасавання з моманту пламбавання або апячатвання скрынь для галасавання да заканчэння падвядзення вынікаў галасавання замацавана ў артыкуле 13 Выбарчага кодэкса. Там жа замацаваны абавязак УВК перад пачаткам галасавання ў першы дзень датэрміновага галасавання правяраць, пламбаваць або апячатваць скрыні для галасавання старшынёй участковай камісіі ў прысутнасці не менш двух трацін складу камісіі (артыкул 51, 53 Выбарчага кодэкса).
Назіральнік Алег Мацкевіч прыйшоў на ўчастак за паўгадзіны да пачатку выбараў, але дзверы ў памяшканне для галасавання былі зачыненыя. Па словах назіральніка, ён знайшоў участак па стрэлках, якія прывялі яго на другі паверх будынку Барысаўскай аб’яднанай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, дзе месціцца УВК. Ламацца ў зачыненыя дзверы ён не стаў, але ручку торгаў двойчы – яшчэ адзін раз прыкладна праз 10 хвілін пасля прыходу. Ніхто не адчыняў. Нарэшце а 9.47 дзверы адчыніліся… знутры. Выйшаў адзін з сябраў участковай камісіі. Калі Мацкевіч зайшоў у памяшканне, то адразу прад’явіў неабходныя для акрэдытацыі паперы і заўважыў, што скрыня для датэрміновага галасавання ўжо стаіць апячатаная. На пытанне назіральніка ці ўжо адбылася працэдура, дзеля якой ён прыйшоў за паўгадзіны да адкрыцця ўчастка і якую меў законнае права назіраць, старшыня камісіі Аляксандр Кандраценка пагадзіўся з назіральнікам. Ён пагадзіўся ўскрыць скрыню, прадэманстраваць яе Алегу Мацкевічу і зноў апячатаць. Што і было зроблена. Яшчэ на адно пытанне назіральніка аб тым, ці прысутнічала пры апячатванні скрыні неабходная колькасць складу УВК – дзве трэці – сябры камісіі таксама адказалі станоўча. Па іх словах прысутнічалі ўсе 100% складу УВК. Але ніводнага з адсутных назіральніку пабачыць яму не ўдалося, каб удакладніць гэтую інфармацыю.
Справа ў тым, што актавая зала, дзе знаходзіцца ўчастак для галасавання, абсталявана двума ўваходамі. Адзін з іх, згодна з метадычным дапаможнікам для УВК, абсталяваны звонку будынка ДТСААФ шыльдай з указаннем нумара ўчастка, а ўнутры будынка – стрэлкамі-указальнікамі па шляху да памяшкання для галасавання. Туды і зайшоў раніцай назіральнік. Другі ўваход у актавую залу аздоблены знутры памяшкання паперкай “Выход”, а звонку памяшкання і будынка ДТСААФ не абазначаны ніяк. Але згодна з меркаваннем членаў камісіі менавіта з гэтага боку ўчастка, ніякім чынам не абазначанага, мог патрапіць унутр незалежны назіральнік, каб скарыстацца сваім правам прысутнічаць пры апячатванні скрыні для галасавання.
“Праверыць скрыню для галасавання ў прысутнасці назіральніка, а потым яшчэ раз яе апячатаць аказалася дастаткова лёгка. А вось як пацвердзіць прысутнасць пры правядзенні гэтай працэдуры неабходнай колькасці сябраў камісіі? Я не магу гэтага праверыць, і я не магу ў гэта паверыць. Маё права пераканацца ў гэтым на ўласныя вочы было парушанае. І наяўнасць подпісаў сябраў камісіі, якія прадэманстравалі мне як доказ, для мяне такім не з’яўляецца, паперу можна было скласці загадзя,” – кажа назіральнік кампаніі Алег Мацкевіч.
Па яго ж словах, УВК дапусціла яшчэ адно парушэнне выбарчага заканадаўства: да гэтага часу не дастаўлены ўсім выбаршчыкам у межах участка №24 паведамленні аб месцазнаходжанні ўчастка для галасавання і аб кандыдатах у дэпутаты, за якіх можна галасаваць. За дзень да пачатка галасавання назіральнік змог сам даведацца аб гэтым, збіраючы подпісы выбаршчыкаў для акрэдытацыі пры УВК.
Назіральнік кампаніі Алег Мацкевіч прадаставіў фотасхему, на якой адлюстраваны шлях да выбарчага ўчастку №24 у г. Барысаў:
"Правааабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале