На ўчастку, на якім паведамілі пра высокую яўку выбаршчыкаў, забаранілі фота- і відэаздымку
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лойка паведамляе пра новыя інцыдэнты са школы №159, дзе размяшчаецца тры выбарчыя ўчасткі.
У першы дзень датэрміновага галасавання па выніках дня ён паведамляў пра розніцу выкарыстаных бюлетэняў на дзвюх участках, якія знаходзяцца ў суседнях пакоях ў дзесяць разоў.
Сёння, 13 лістапада, у другі дзень датэрміновага галасавання сябры камісій, якія працуюць на трох участках гэтай школы вырашылі проста забараніць фотаздымку назіральніку, каб увогуле выключыць “зліў” інфармацыі.
Каля вывешанага пратаколу ўчастка для галасавання №390 вывесілі паперу, што згодна з рашэннем УВК №390 ад 12 лістапада 2019 фота і відэа на ўчастку забаронены. Акрамя гэтага, паставілі палку з аб’явай, што фатаграфаваць і здымаць на відэа на ўчастку забаронена.
Заўважым, што такія дзеянні сябраў камісіі абсалютна неправамерныя, супярачаць выбарчаму заканадаўству і прынцыпам адкрытасці і публічнасці выбараў.
Дарэчы, назіральнік Аляксей Лойка 12 лістапада прысутнічаў на ўчастку №390 да самага яго закрыцця — да 19 гадзін. Перад сыходам, ён паспеў зрабіць некалькі фотаздымкаў, то бок рашэння, якое нібы забараняе здымку, яшчэ не было. Устае пытанне: сябры камісіі прынялі такое рашэнне ноччу, не ў працоўны час камісіі?
Старшыня камісіі Алена Кульбацкая заявіла назіральніку, што “з сённяшняга дня пратакол датэрміновага галасавання фатаграфаваць забараняецца пад пагрозай таго, што яго выганяць з участка і пазбавяць акрэдытацыі”.
Апроч усяго гэтага, учарашні пратакол УВК №390 сёння вывешаны ў адрэгаваным выглядзе. Зноў устае пытанне: калі сябры камісіі зрабілі гэта?
“Пратакол за ўчорашні дзень дапісалі, пазначалі колькасць невыкарыстаных бюлетэняў. Я ўдакладніў у старшыні камісіі Кульбацкай, з чым звязана змена дадзеных у пратаколе (дадана лічба невыкарыстаных бюлетэняў). Мне старшыня сказала, а Вы ўпэўнены што ён змяняўся? Чым можаце пацвердзіць?” — распавядае Аляксей Лойка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале