На ўчастках у Віцебску яўка завышаная больш, чым у два разы
Назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірына Траццякова паведаміла аб завышанай яўцы больш, чым у два разы на выбарчым участку №66 Віцебскай-Чкалаўскай акругі №18. Па падліках назіральніцы ў другі дзень датэрміновага галасавання на гэты ўчастак з'явілася 72 выбаршчыка, у той час як у выніковым пратаколе камісіяй адзначана 180 выдадзеных бюлетэняў.
Падобная сітуацыя і на выбарчым участку №65, дзе назіральнікі налічылі толькі 85 выбаршчыкаў, у той час як у пратаколе значыцца лічба - 135.
Як адзначае Ірына Траццякова яшчэ ўчора - 12 лістапада - яўка не была завышаная настолькі, як сёння. Назіральніца звяртае ўвагу і на апячатванне скрыняў і сейфаў, і на памяшканні для начнога іх захоўвання. Так, некалькі скрынь з розных участкаў 17 і 18 выбарчых акругаў захоўваюцца ў адным і тым жа памяшканні, пры чым некаторыя сейфы, у якіх захоўваюцца бюлетэні для галасавання не апячатаныя. Таксама некаторыя скрыні і сейфы знаходзяцца ў прахадных пакоях, дзе ёсць некалькі ўваходаў і выхадаў, але апячатаны толькі адзін з іх.
Ірына Траццякова давяла да ведама аб зафіксаваных парушэннях старшыні Віцебскай абласной выбарчай камісіі, які абяцаў назіральніцы прыняць меры па ліквідацыі недахопаў у працы ўчастковых камісій.
Таксама назіральніца паведамляе, што ў тэрміновым парадку прызначаюцца бацькоўскія сходы ў тых школах, дзе на участках за першыя два дні датэрміновага галасавання нізкая яўка выбаршчыкаў. Ірына Траццякова плануе звярнуцца да старшыні акруговай камісіі №18, якая з'яўляецца дырэктарам адной са школ Віцебска, з пытаннем пра неабходнасці правядзення такіх сходаў. Бо ў многіх школах бацькоўскія сходы адбыліся ў канцы папярэдняй чвэрці, а цяперашняя чвэрць толькі пачалася.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале