Праваабаронца просіць пракуратуру даць ацэнку словам выкладчыцы БДЭУ аб датэрміновым галасаванні
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звярнуўся з заявай у Пракуратуру Заводскага раёна Мінска з нагоды прымусу да датэрміновага галасавання з боку выкладчыцы БДЭУ, прыкметы якога праглядаюцца ў відэазапісе, размешчанага на сайце Радыё Свабода і іншых СМІ.
З відэа вынікае, што 13 лістапада 2019 г. выкладчыца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту (БДЭУ) Аксана Аніскевіч, выступаючы на сходзе студэнтаў Інстытуту сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ, даводзіла да апошніх інфармацыю аб абавязковым удзеле паўнагадовых студэнтаў у датэрміновым галасаванні на выбарах дэпататаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Выкладчыца распавядае, што студэнты абавязаныя прыняць удзел менавіта ў датэрміновым галасаванні, паколькі, паводле яе слоў, у адваротным выпадку будуць “церабіць” заведуючага кафедрай, дэканат і яе асабіста. Таксама ў падтрымку сваіх слоў аб абавязковым удзеле студэнтаў у выбарах А. Аніскевіч прыводзіць аргументы аб тым, што “там усё адсочваецца, які пакой прыйшой, які інтэрнат” і яна не хоча каб з-за “гэтага” (неўдзелу студэнтаў у выбарах) "маю групу ці мяне “скланялі” і яна спадзяецца, што яны (паўнагадовыя дзяўчынкі) “нікога не падставяць”.
"З дадзеных словаў А. Аніскевіч вынікае, што з боку адміністрацыі БДЭУ існуе кантроль за ўдзелам студэнтаў менавіта ў датэрміновым галасаванні, а выкладчыкам дадзенай навучальнай установы пастаўлена задача арганізаваць удзел студэнтаў у выбарах пад пагрозай асабістай адказнасці за не выкананне гэтай задачы", - нагадвае ў заяве праваабаронца.
Валянцін Стэфановіч мяркуе, што паколькі А. Аніскевіч з’яўляецца прадстаўніком адміністрацыі БДЭУ і студэнты знаходзяцца ў яе непасрэдным падпарадкаванні, то такога кшталту словы ў сукупнасці з інфармацыяй аб кантролі за ўдзелам у выбарах відавочна носяць для іх загадны, абавязковы характар ці прынамсі могуць быць так успрынятыя імі.
Праваабаронца нагадвае, што ў адпаведнасці з арт. 3 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў з’яўляюцца свабоднымі і праводзяцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні.
Згодна з арт. 5 Выбарчага кодэкса выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, удзел у рэферэндуме з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык, удзельнік рэферэндума асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах, рэферэндуме, за каго галасаваць на выбарах, за што галасаваць на рэферэндуме. Акрамя таго права свабоднага ўдзелу ў выбарах з’яўляецца правам, гарантаваным арт. 65 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Валянцін Стэфановіч нагадвае, што ў арт. 49 Выбарчага кодэкса пазначана: “асобы, якія ажыцяўляюць перашкоды свабоднаму ажыцяўленню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права свабодна абіраць і быць абраным нясуць адказнасць, устаноўленую дзеючым заканадаўствам”.
Валянцін Стэфановіч лічыць, што дзеянні Аніскевіч носяць супрацьпраўны характар і парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян а таму просіць правесці пракурорскую праверку ўказаных ім у скарзе фактаў парушэння дзеючага заканадаўства.
Ён спадзяецца, што згодна з арт. 49.1 Выбарчага кодэксу скарга будзе разгледжаная ў трохдзённы тэрмін.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале