Назіральніцу ад "Руху за свабоду", якая фіксавала завышэнне яўкі, выштурхнулі з участку
У Мінску назіральніцу ад "Руху за Свабоду" Ганну Толчыкаву, якая назірае на ўчастку №589 па Усходняй акрузе №107, фактычна выштурхнулі з участку з пагрозамі прыцягнуць міліцыю.
Старшыня камісіі Наталля Баравік (дырэктарка цэнтру дзяцей і моладзі "Светач", у будынку якога і знаходзіцца ўчастак) уручылі Ганне акт, складзены яшчэ 13 лістапада. У ім дзяўчыну абвінавачваюць у тым, што яна вяла аўдыёзапіс на ўчастку і нібыта пагражала сябрам камісіі турэмнымі тэрмінамі. Да таго ж, яна "стварала напружаную абстаноўку" на ўчастку, "неаднаразова называла сябраў камісіі злачынцамі".
Дзяўчына хацела разабрацца, як і калі камісія будзе прымаць менавіта рашэнне аб пазбаўленні акрэдытацыі, бо акт такім дакументам не з'яўляецца. Але старшыня адмовілася даваць ёй гэты дакумент, спаслаўшыся, што нібыта перадала ўсё ў акруговую камісію.
Варта адзначыць, што гэта назіральніца ў першы дзень налічыла за ўвесь дзень 30 чалавек, якія прагаласавалі, а напрыканцы дня ў пратаколе з'явілася лічба 130.
Гэта не адзіны выпадак выдалення назіральнікаў з участкаў. Пра падобныя выпадкі паведамляе старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале