Датэрміновае галасаванне ў Віцебску: жвавасць БРСМ і сходы ў школах
Як паведамляе "Віцебская Вясна", сёлетнія выбары ў парламент прыкметныя гарачай актыўнасцю, якую праяўляюць дзяржаўныя грамадзкія арганізацыі – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Прагаласуй і атрымай гадзіннік
У дні датэрміновага галасавання Віцебская абласная арганізацыя БРСМ абвясціла фотаконкурс «#Галасую».
Выбарцаў заклікаюць публікаваць здымкі на сваёй старонцы «Вконтакте» або ў Instagram і суправаджаць фатаграфіі хэштэгамі #яголосую, #Мывместе, #Мыидем, #брсмво, адзначаючы ў публікацыі афіцыйны акаўнт Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ. Мэта акцыі відавочная – завабіць моладзь ў выбарчую кампанію. Пераможцу абяцаюць смарт-гадзіннік.
Па ўчастках для галасавання размеркавалі ўжо і БРСМаўцаў-валанцёраў. Навошта яны патрэбныя і чым будуць займацца, пакуль не зразумела ані назіральнікам, ані сябрам участковых камісій. Магчыма, валанцёрскія брыгады «абкатваюцца» для маючых адбыцца ў 2020 годзе прэзідэнцкіх выбараў і рэферэндуму па змяненні Канстытуцыі.
Прафсаюзы зрабілі справаздачу
Дэманструюць выдатную актыўнасьць і прафсаюзы. Для праверкі жвавасці прафарганізацый 11 лістапада Віцебскую вобласць наведаў намеснік старшыні федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Мікша.
Падчас знаходжання ў Віцебску прафбоса быў праведзены навучальны семінар для назіральнікаў ад гэтай арганізацыі ў выбарчых камісіях Віцебшчыны.
Мясцовыя кіраўнікі «рабочага руху» даклалі «кантралёрам», што ў склад абласной, акруговых, участковых выбарчых камісій увайшоў 1621 прадстаўнік прафсаюзаў.
Тэрміновае датэрміновае галасаванне
На ўчастку для галасавання №4 Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 за тры дні датэрміновага галасавання з 787 выбарцаў, занесеных у спісы для галасавання, «прагаласавалі» 226 чалавек. А гэта аж 30%!
Камісія працуе так, што робіць грубыя памылкі пры афармленні ў «Пратаколе аб датэрміновым галасаванні». Гэтак, у дакуменце, дзе адлюстраваныя вынікі галасавання за 13 лістапада 2019, адсутнічала дата.
«Я паказаў на адсутнасць даты ў пратаколе, якую тут жа сумеснымі намаганнямі выправілі старшыня камісіі Уладзімер Ленчыкаў і сакратарка Юлія Казлова», – расказаў пра інцыдэнт назіральнік Леанід Свецік.
«Мяккая сіла» ў школах
14 лістапада ў тэрміновым парадку дырэкцыя віцебскай СШ №2 арганізавала сходы для бацькоў малодшых класаў.
«Гэта вядома не грубы «загон», як практыкуецца ў дачыненні да студэнтаў, а «мяккая сіла» адміністрацыйнай вынаходлівасці. Натуральна ж: прыйшлі бацькі на сход – заадно і прагаласавалі», – пракаментаваў сытуацыю назіральнік.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале