Уладзімір Лабковіч: “Тых, хто прагаласаваў датэрмінова, будзе каля 40%. І гэта здзек над людзьмі!”
Каардынатар кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч пракаментаваў этап правядзення датэрміновага галасавання на парламенцкіх выбарах, які праходзіць з 11 па 16 лістапада.
Так, праваабронца адзначае, што датэрміновае галасаванне адбываецца з грубейшымі парушэннямі заканадаўства:
“Усе тыя “хваробы”, якімі “хварэлі” беларускія выбары, ускладняюцца: то датэрміновае галасаванне, якое мы бачым, цалкам сябе скампраментавала”.
Уладзімір Лабковіч звяртае ўвагу на два асноўныя моманты, якія назіраюць праваабаронцы ў час датэрміновага галасавання.
1. Прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, калі студэнтаў і супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў татальна і масава па ўсёй краіне гоняць на выбарчыя ўчасткі.
“Мне цікава, што Лідзія Міхайлаўна будзе казаць далей, калі ў іх скончацца выбаршчыкі і да дню выбараў ўвогуле нікога не застанецца галасаваць? Мы бачым, што ў гэтым годзе лічба тых, хто прагаласаваў датэрмінова, будзе каля 40%. І гэта абсалютны здзек над людзьмі!
Лідзія Міхайлаўна ў сваёй цынічнай манеры кажа пра выбары як форму выхавання новага пакалення. Аднак узнікае пытанне, чаму гэтыя функцыі знаходзяцца ў адміністрацыі і службовых асобаў, у якіх людзі знаходзяцца ў падпарадкаванні? І як студэнты і супрацоўнікі прадпрыемстваў успрымаюць словы свайго начальства пра неабходнасць галасаваць датэрмінова: іх выхоўваюць і запрашаюць ласкава, ствараючы ім ўсе ўмовы, ці ціснуць для таго, каб прымусіць да паходу на ўчастак?” – задаецца пытаннямі праваабаронца.
Як прыклад прымусу, Уладзімір Лабковіч узгадвае выпадак на выбарчым ўчастку ў Бабруйску, дзе адна выбаршчыца, якая працуе ў “органах”, папрасіла даведку, каб паказаць свайму начальству, што яна прагаласавала датэрмінова.
“І ў камісіі не ўзнікла ніякіх пытанняў! Жанчыне адказалі, што даведку даць не могуць, але могуць падцвердзіць па тэлефоне факт датэрміновага галасавання выбаршчыцы. А дзе ж тады таямніца галасавання і ўдзелу ў ім?” – абураецца каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
2. Масавыя факты фальсіфікацыі яўкі.
“Нажаль, мы фіксуем завышэнне яўкі, якая проста бярэцца са столі, і на некаторых участках у дзесяць разоў перавышае тую лічбу, якую налічылі нашыя назіральнікі”, - кажа Уладзімір Лабковіч.
Праваабаронца адзначае, што гэтая кампанія адрозніваецца ад мінулай і пагаршэннем ўмоваў для назірання, калі члены камісіі забараняюць назіральнікам выконваць свае функцыі:
“У тым ліку абсалютна абсурдная з кропкі гледжання права і абсалютна зразумелая з кропкі гледжання тых людзей, якія фальсіфікуюць выбары, – забарона на фатаграфаванне пратаколаў. Пратаколы вывешваюцца для публічнага азнаямлення і іх фатаграфаванне, як кажа сам ЦВК у метадычных рэкамендацыях, - форма вырабу пратакола, на што назіральнік мае права, згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэкса. І такія забароны камісій абсалютна незаконныя, але яны робяцца для таго, каб не дапусціць збор фактуры, які даказвае прыпіску выбаршчыкаў і фальсіфікацыю яўкі”.
За фатаграфаванне назіральнікам выносяць папярэджанне, забараняюць ім дзейнічаць на выбарчых участках, а часцяком і выдаляюць з ўчасткаў.
“Безумоўна, мы будзем адсочваць кожны факт выдалення нашых незалежных назіральнікаў. Усё гэта сведчыць аб тым, што і магчымасці назірання істотна пагоршыліся ў параўнанні з мінулай кампаніяй”, – падсумоўвае Уладзімір Лабковіч.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале