Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Умовы працы назіральнікаў: забарона фота, нязручныя месцы, выдаленне з участкаў

Коратка і па сутнасці. Робім падборку ў асноўны дзень галасавання аб працы назіральнікаў на выбарчых участках. Вывады рабіце самі.

Мінск

"З выбарчага ўчастка №549 Коласаўскай выбарчай акругі №106 выдалены назіральнік і старшыня Мінскай абласной арганізацыі #BSDP Алесь Абрамовіч. Ён стаў 10-м выдаленым назіральнікам на акрузе ад пачатку датэрміновага галасавання", - паведамляе старшыня БСДП "Грамада" Ігар Барысаў.

Ігар Барысаў таксама паведамляе пра выдаленне назіральніка з участка №536 па той жа акрузе за тое, што ён запытаўся ў старшыні камісіі пра колькасць выбаршчыкаў па гэтым участку. Назіральнік стаў чацвёртым выдаленым ад пачатку датэрміновага галасавання з гэтага ўчастка.

Назіральнік Алексей Лойка паведамляе, што на яго участку №390 па 102 акрузе для назіральнікаў прапанавалі "крэслы", якія прызначаныя для дзяцей першага класу. На двух астатніх участках, што месцяцца ў гэтай жа школе, стаяць звычайныя мяккія крэслы, як і падчас датэрміновага галасавання. 

Назіральніка Сяргея Палявога выдалілі з участку №179 Чкалаўскай акругі №96 з-за таго, што дзве назіральніцы ад "Белай Русі" нібыта пабачылі ўспышку фотаапарата. Назіральнік жа кажа, што ён не фатаграфаваў. На рукі рашэнне аб пазбаўленні рэгістрацыі яму не выдалі.

На выбарчым участку №246 па Грушаўскай акрузе №98 старшыня УВК патрабавала выдаліць усіх назіральнікаў: і праўладных, і назіральніцу ад кампаніі "Праваабронцы за свабодныя выбары", і двух назіральнікаў ад кампаніі "Права выбару", агулам 11 чалавек, -  таму што яны шумяць, пьюць гарбату, глядзяць відэа на тэлефона. Сакратар АВК, якая прыйшла на ўчастак, дазволіла ўсім застацца.

Маладзечна

На Драздовіцкім участку №2 Маладзечанскай гарадской акругі №72 назіральніку ад БХК адмовілі ў акрэдытацыі праз апіску ў імю па-бацьку. Ён падаў скаргу. Участковая камісія сказала назіральніку, што  пададзеную скаргу разгледзяць у трохдзённы тэрмін. Цяпер ён збіраецца скардзіцца ў АВК.

Магілёў

На ўчастку для галасавання №40 па 85 выбарчай акрузе Магілёва назіральнікаў пасадзілі так, каб яны бачылі толькі тое, што на здымку. Старшыня камісіі на скаргі не рэагуе.

Выбарчы ўчастак №58 па 85 акрузе знаходзіцца ў бібліятэцы імя. Леніна. Дваіх назіральнікаў выдалілі з участка за пададзеную скаргу. Па іх падліках прагаласаваў 201 чалавек, па дадзеных участковай камісіі - 456. Фармулёўка выдалення - "ствараюць перашкоды ў працы выбарчай камісіі".

Кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алег Аксёнаў, які балатуецца па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе №84, распавёў belsat.eu пра ціск на незалежных назіральнікаў. Усё адбылося ў хуткім часе пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка загадаў спецслужбам «уставіць мазгі» занадта актыўным назіральнікам.

«На ўчастку №6 у памяшканні, дзе адбываецца галасаванне, з’явіўся чалавек са сшыткам кампаніі «Права выбару» ў руках. Падышоў да старшыні камісіі, паказаў пасведчанне, паразмаўляў. Потым падышоў да назіральнікаў і спытаў, хто мае такія сшыткі?» – распавёў ён.

Мужчына паказаў назіральнікам пасведчанне на імя працаўніка Следчага камітэту Андрэя Скурава. Ён перапісаў дадзеныя назіральніцы кампаніі «Права выбару» і сышоў. З якой нагоды СК зацікавіўся назіральнікамі – невядома. Сваё зʼяўленне следчы ніяк не патлумачыў.

Алег Аксёнаў цяпер хоча атрымаць тлумачэнне наконт гэтага інцыдэнту ад старшыні акружной камісіі. Кандыдат не выключае, што будзе пісаць скаргу.

Светлагорск

Назіральніца Алена Маслюкова паведамляе пра тое, што месцы для назіральнікаў на ўчастку для галасавання №10 у Светлагорску вельмі далёка і з гэтага месца амаль нічога не бачна.

Віцебск

На наступным фота - назіральнікі на адным з віцебскіх выбарчых участкаў, размешчаным у анкалагічным дыспансеры. 

"Размясціцеся паводле рэкамендацый ЦВК", - запатрабавала камісія ад назіральнікаў, у тым ліку Ірыны Траццяковай.

На гэта яны адказалі, што "размясціліся, як ім трэба". У адказ: "Паглядзіце малюнак у метадычцы! Паглядзелі? Прысядзьце, дзе сядзіце". 

Назіральніцу Ірыну Траццякову не пускаюць на 81 выбарчы ўчастак па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20, які размешчаны ў клубе вайсковай часткі 52287. Ёй кажуць, што галасаванне там ужо скончанае і ўчастак закрыты. Назіральніца ўказвае, што падлік можа праходзіць толькі тады, калі яўка складае 100%, а сам участак працуе да 20.00, у яе ж ёсць права прайсці на ўчастак і вырабіць копію пратакола. 

Аднак намеснік камандзіра часткі па ідэалагічнай працы, які кіруе працэсам размовы, хоць і не мае ніякага дачынення да выбараў, сцвярджае, што аб'ект рэжымны, участак закрыта, а лічбы па галасаванні можа сказаць на словах. На патрабаванні Ірыны Траццяковай хаця б вынесці пратакол, кажа, што не можа гэтага зрабіць, бо нібыта выбаршчыкі, не пабачыўшы яго на стэндзе, будуць хвалявацца. Таксама сцвярждае, што вынікі галасавання па ўчастку ўжо накіраваныя ў акруговую камісію і ўсю інфармацыю можна даведацца там. Ірына Траццякова звярнулася па тлумачэнні ў абласную выбарчую камісію. 

Барысаў

Назіральніку кампаніі "Праваабронцы за свабодныя выбары" Алегу Мацкевічу забаранілі назіраць за ходам галасавання на даму. Сказалі, што ягонае месца на ўчастку.

Акрамя гэтага на выбарчым участку №24 па 62 акрузе прадугледжаныя месцы для медыцынскага работніка і юрыста, які будзе аказваць нейкія бясплатныя кансультацыі. 

Таксама прама на ўчастку адбываюцца спевы з выкарыстаннем гукаўзмацняльнай апаратуры. 

Старшыня камісіі ўсё ж запрасіў Алега Мацкевіча назіраць галасаванне на даму. Кажа, што раніцай назіральнік яго неправільна зразумеў.

Брэст

На ўчастку №24 Брэсцкай-Цэнтральнай акругі №2 старшыня камісіі адразу забараніла фатаграфаваць.

"Магчыма пазней дазволю", - сказала яна.

Абурылася, што назіральнік зазірнуў у кабіны для галасавання: "Я не ведаю, што вы там пакладзеце".

Участак месціцца ў інтэрнаце прадпрыемства "ВестАўта", склад камісіі - збольшага супрацоўнікі гэтага прадпрыемства, ёсць і назіральнік, вылучаны ад працоўнага калектыу "ВестАўта". 

Гомель

Старшыня ўчастковай камісіі №29 па Гомельскай-Юбілейнай акрузе №31 сказаў, што дазваляе толькі адзін фотаздымак - як выбарца кідае бюлетэнь у скрыню. Астатнія фота- і відэаздымкі забароненыя. Самастойныя здымкі будуць лічыцца правакацыяй, і за іх выдаляюць з участка. 

У Гомелі назіральніка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Пануца пазбавілі акрэдытацыі. Падставай для выдалення з участка №23 Гомельскай-Савецкай акругі сталася відэаздымка, якую праводзіў назіральнік на выбарчым участку. Пра гэта паведамляе Радыё Рацыя. 

"У рашэнні аб пазбаўленні акрэдытацыі пазначана, што я не ўзгадніў магчымасць відэаздымкі са старшынёй выбарчай камісіі Цімошыкам ці сябрамі камісіі, паколькі гэта перашкаджае іх працы", - падкрэсліў назіральнік.

Бабруйск

У Бабруйску напярэдадні асноўнага дня галасавання былі пазбаўленыя акрэдытацыі 35 назіральнікаў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі. У рашэнні акруговай выбарчай камісіі Бабруйскай-Ленінскай акругі № 78 гаворыцца, што Бабруйскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў правёў аналіз дакументаў аб накіраванні назіральнікаў для працы ў акрузе. Як сцвярджаецца, у выніку аналізу было ўстаноўлена, што ў выпісах з пратакола пасяджэння рады Бабруйскай арганізацыі АГП аб накіраванні назіральнікаў на ўчасткі для галасавання подпісы ад імя кіраўніка арганізацыі Дзяніса Худаўца "выкананыя iншай асобай".

Гродна

Назіральніцы на ўчастку №12 па АВК №52 Паліне Марозавай патэлефанавала яе камендантка інтэрнату, падчас размовы яна запытвалася, ці прагаласавала дзяўчына, і загадала ёй тэрмінова прыйсці на ўчастак для галасавання. 

"Ты зараз бярэш і едзеш на мой выбарчы ўчастак. Калі не, то мы будзем паведамляць мэру горада Гродна, што ты не з'явілася, і твайму кіраўніку таксама",  - кажа камендантка. 

Потым жанчына запытвае Паліну Марозаву, калі тая з'едзе "ад яе", кажа, што дзяўчына дастаўляе шмат праблемаў. 

"Пастарайся як-небудзь хутчэй, бо ты ў мяне адзін такі сплашны касяк, разумееш? Суседкі ад цябе ўжо проста ў шоку. Давай хутчэй вырашаць гэтае пытанне, таму што ў мяне такіх праблемных людзей ужо мільён гадоў не было за час працы. Ты адзін хадзячы касяк", - скончыла размову загадчыца інтэрнатам. 

Пінск

У Пінску з участка для галасавання №5 выдалілі назіральніка, давераную асобу аднаго з кандыдатаў, піша Еўрарадыё. 

"Ён круціўся каля выбарчай скрыні, чым абурыліся і камісія, і выбаршчыкі, — расказаў кіраўнік выбаркама Пінска Ігар Берасцень. — Яму спачатку зрабілі афіцыйнае папярэджанне".

Пасля папярэджання, паводле яго слоў, назіральнік "пачаў умешвацца ў працу камісіі, вінаваціць іх у тым, што яны паказваюць грамадзянам, за якога кандыдата галасаваць". Берасцень, у сваю чаргу, растлумачыў, што сябры камісіі проста тлумачылі слабавідушчым людзям, як галасаваць з трафарэтам. "А ён гэта тлумачыў як ціск на выбаршчыкаў. У рэшце рэшт яго выставілі з участка", — сказаў старшыня камісіі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары