Старшыня выбарчай камісіі ў Магілёве і кандыдат у дэпутаты Марзалюк скардзяцца на «польскі тэлеканал»
Як паведамляе Белсат, Вольга Папова, старшыня ўчастковай камісіі № 32 у горадзе Магілёў, назвала правакацыяй тое, што 13 лістапада ў СШ № 12 на сустрэчу з Ігарам Марзалюком прыйшлі журналісты «аднаго з замежных тэлеканалаў». Нагадаем, што на сустрэчы 13 лістапада ў СШ № 12 дырэктарка і па сумяшчальніцтве старшыня камісіі Марына Зубарэнка патрабавала акрэдытацыю і пашпарты ў журналістаў «Белсату».
Са свайго боку журналісты заявілі, што акрэдытацыя, каб весці запіс публічнага працэсу ў публічным месцы, не патрэбная. А пашпарты больш нікога не прасілі прадставіць, акрамя журналістаў. Тады Марына Зубарэнка заявіла, што «зараз усё тое, пра што мы кажам, убачыць уся Беларусь». З залі пачуліся выкрыкі: «А гэта што, дрэнна?»
Далей старшыня камісіі папрасіла ўсіх перайсці ў іншае памяшканне, журналістаў з камерамі туды не пусцілі – уваход абараняла сама Марына Зубарэнка і дзве давераныя асобы кандыдата – Валерый Гусарэвіч і Андрэй Лебедзеў. Трапіць на сустрэчу журналісты змаглі толькі, калі вярнуліся без камеры.
Таксама паводле Вольгі Паповай, у доме, дзе жыве Марына Зубарэнка, распаўсюдзілі ўлёткі, з якіх вынікае, «што на ўчастку ўжо абралі дэпутата і ўсё дзякуючы старшыні камісіі». На наступны дзень, 14 лістапада, журналісты занеслі ў акруговую камісію № 84 скаргу на дзеянні старшыні ўчастковай камісіі Марыны Зубарэнка і даверанай асобы Ігара Марзалюка Андрэя Лебедзева. Скарга датычылася абмежавання права на збор і распаўсюд інфармацыі.
16 лістапада ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» выйшаў сюжэт, дзе вядоўца кажа, што «група польскага тэлеканалу ўварвалася на тэрыторыю ўчастка ў школе № 12. Мітынгавала, дэбашыра. Правакацыю спыніла кіраўнік камісіі і дырэктар школы. Далікатная жанчына, якая па законе абавязаная падтрымліваць парадак і рэалізоўваць права грамадзянаў выбіраць свой беларускі (а не польскі) парламент».
Журналісты «Беларусь 1» таксама агучылі, што гэта «крымінальна каральная дзея», а відэа і ўлёткі з паказаннямі сведак нібыта знаходзяцца ў міліцыі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале