За фатаграфаванне Барыса Бухеля выдалілі з ўчастку
Назіральніка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Барыса Бухеля выдалілі з выбарчага ўчастку №59 па Магілёўскай-Прамысловай акрузе №87 за фатаграфаванне ўчастку.
На ўчастку назіральнікі размешчаныя прыкладна ў 12-13 метрах ад скрыні і кабін для галасавання. Пры галасаванні выбаршчыкі закрываюць скрыню спіной і не відаць, колькі бюлетэняў яны ўкідваюць. Таксама, калі да якога-небудзь аднаго стала прыходзіла адразу 8-10 выбаршчыкаў, то яны цалкам перакрывалі агляд назіральнікам. Назіральнікам не бачна і тое, колькі бюлетэняў выдаюць выбаршчыкам. А скрыні для галасавання на даму закрытыя сталом камісіі і наогул не бачныя назіральнікам. На заўвагу і просьбу Барыса Бухеля пераставіць скрыні, старшыня камісіі сказаў, што назіральнікі тут не галоўныя, а важна, каб сябры камісіі ўсё бачылі.
"На гэтым участку я не збіраўся заставацца на падлік. Таму вырашыў, што лепш, каб мяне выдалілі за фатаграфаванне, чым ціха сысці самому", - распавёў Барыс Бухель. - "Я фатаграфаваў, а старшыня патрабаваў спыніць здымки і вынес два папярэджаньні запар, а потым паставіў пытанне аб маім выдаленні на галасаванне, і ўсе дружна прагаласавалі "за".
Таксама на ўчастку працаваў кінапраектар і гучала музыка.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале