Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Чаму прагноз «Нашай Нівы» не спраўдзіўся на 100%?

Віталь Васюкоў. Скрыншот з відэа
Віталь Васюкоў. Скрыншот з відэа

Вынікі выбараў практычна супалі з прагнозам «Нашай Нівы» -- журналісты угадалі прозвішчы 106 са 110 новых дэпутатаў. Адно з чатырох няспраўджаных прозвішчаў – Віталь Чудовіч.

Паводле папярэдніх вынікаў галасавання, якія orsha.eu атрымала з шэрагу ўчасткаў акругі №26, праўладны стаўленнік, былы дэпутат Віталь Чудовіч не стане новым дэпутатам - яго абыйшоў кандыдат Віталь Васюкоў.

Гэта вельмі нечакана ўлічваючы, што выбары ў Беларусі даволі непразрыстыя, а выбарчыя камісіі па Аршаншчыне былі сфармаваныя практычна без прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый. Што праўда, па 26-ай акрузе і не засталося аніводнага дэмакрата сярод кандыдатаў - усе хто быў больш-менш незалежным –  выключаны з выбараў на этапе рэгістрацыі. Складалася ўражанне, што на 26-ай акрузе пры адсутнасці дэмакратаў камісіі могуць рэальна падлічыць галасы і выбары будуць сумленнымі. Праўда, у сумленнасці падліку галасоў у назіральнікаў-правабаронцаў усё адно былі сумневы з-за яўна завышанай яўкі выбаршчыкаў.

Раней мы называлі Чудовіча галоўным праўладным кандыдатам, які і павінен быў перамагчы на выбарах. Пры гэтым гаварылі, што яго яўны дублёр Дымкоў, а з незразумелай роляй ідзе Віталь Васюкоў. Васюкоў - работнік "Беларусбанку", але вылучаны быў не сваім працоўным калектывам, а калектывам Легмашу.

Нагадаем, што па інфармацыі, вядомай аршаніскім журналістам, у Чудовіча днямі здарыўся інсульт і, магчыма, такая змена фаварыта звязана з раптоўнай хваробай. Хаця можа быць хвароба як раз стала вынікам змены фаварыту - у дадзеным выпадку можна толькі строіць здагадкі.

Але скажам праўду, Віталь Васюкоў таксама вылучаўся з дапамогай адміністрацыйнага рэсурса, адпаведна пры падтрымцы ўладаў. Таму і галасаваць у парламенце ён будзе верагодна таксама, як галасаваў бы Чудовіч.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары