Дэградацыя палітычнай барацьбы і татальныя фальсіфікацыі. Праваабаронцы падвялі вынікі назірання за парламенцкімі выбарамі
Праваабаронцы ў чарговы раз прыйшлі да высновы, што парламенцкія выбары прайшлі з грубейшымі парушэннямі беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў.
18 лістапада кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" падвяла вынікі маніторынгу выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. На прэс-канферэнцыі ў Мінску каардынатары кампаніі Алег Гулак (ад Беларускага Хельсінкскага камітэта) і Уладзімір Лабковіч (ад Праваабарончага цэнтра "Вясна") прадставілі сваю ацэнку парламенцкай кампаніі 2019 года.
На мерапрыемстве эксперты спыніліся на пяці асноўных этапах выбарчай кампаніі. Гэта ўтварэнне выбарчых камісій, рэгістрацыя кандыдатаў, этап агітацыі, датэрміновае галасаванне і непасрэдна дзень выбараў.
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” праводзіцца з 2008 года Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Беларускіх Хельсінкскім камітэтам. Падчас кампаніі па назіранні за парламенцкімі выбарамі 2019 года ў назіранні было задзейнічана 42 доўгатэрміновых і 150 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія назіралі на 204 участках па ўсёй краіне. У асноўны дзень галасавання пяць назіральнікаў кампаніі былі пазбаўлены акрэдытацыі. Выбарчая кампанія суправаджалася ціскам на назіральнікаў.
Утварэнне выбарчых камісій
У працэсе ўтварэння выбарчых камісій усіх узроўняў (тэрытарыяльных, акруговых, участковых) эксперты адзначаюць крытычна малую ролю апазіцыі. Напрыклад, толькі 2,8% ад складу акруговых камісіі з’яўляліся прадстаўнікамі апазіцыйных партый. Ва ўчастковыя камісіі трапіла 4,2% апазіцыі – і гэта найгоршы паказчык на апошнія парламенцкія кампаніі.
Увогуле партыі (не толькі апазіцыйныя, але і праўладныя), адыгрываюць мінімальную ролю ў фарміраванні выбарчых камісіях. Калі паглядзець суб’екты, якія ў гэтым годзе скалалі акруговыя камісіі, то больш за палову з іх (58,80%) – гэта грамадскія аб’яднанні. Толькі 14% - прадстаўнікі палітычных партый. Ва ўчастковых жа камісіях – сітуацыя яшчэ горш. Там ад партый вылучана толькі 6,5%.
Асноўны склад выбарчых камісій у краіне – гэта ўжо склаўшаяся вертыкаль суб’ектаў, якія мігруюць з адной камісіі ў іншую і праца якіх кантралюецца выканаўчымі камітэтамі. У пераважнай колькасці выпадкаў гэта прадстаўнікі аднаго працоўнага калектыва (напрыклад, школы), якія, зразумела не будуць выказваць прэтэнзій адзін да аднаго, канстатуюць эксперты кампаніі.
Рэгістрацыя кандыдатаў
Каардынатар кампаніі незалежнага назірання Алег Гулак адзначыў, што адной з нешматлікіх пазітыўных дынамік сёлетняй кампаніі стаў рост колькасці зарэгістраваных ініцыятыўных груп і адначасова памяншэнне колькасці адмоваў у іх рэгістрацыі.
Да таго ж, назіраецца фармальнае ўзмацненне ролі палітычных партый у працэсе вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. У гэтым годзе 52% кандыдаты вылучаліся ад палітычных партый, 33% - ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Але пры гэтым на мінулых парламенцкіх выбарах 2016 года доля вылучэнцаў ад апазіцыйных партый была вышэй, чым ад праўладных. Зараз сітуацыя супрацьлеглая: колькасць вылучэнцаў ад праўладных партый расц, ад апазіцыйных змяншаецца. Таксама вылучэнцы ад апазіцыйных партый атрымалі больш адмоваў у рэгістрацыі, чым ад праўладных.
Таксама эксперты кампаніі адзначылі, што ў 71% выпадкаў назіральнікі не маглі бачыць працэс праверкі подпісаў за вылучэнне кандыдатаў.
“Мы даўно кажам пра неабходнасць змены гэтай працэдуры. Яна дазваляе сабраць усе памылкі і недакладнасці ў адных кандыдатаў і на падставе гэтага адмаўляць ім у рэгістрацыі, і пры гэтым не заўважаць тыя ж памылкі ў іншых кандыдатаў”.
Агітацыя
Эксперты кампаніі адзначылі, што ў гэты раз далёка не ўсе кандыдаты праяўлялі актыўнасць падчас агітацыі. Калі паглядзець на статыстыку, як кандыдаты падавалі паведамленні пра запланаваныя вулічныя акцыі, то будзе бачна, што іх колькасць зараз была ў 10 разоў менш, чым у 2016 годзе.
Рэзка павялічылася колькасць кандыдатаў, пазбаўленых рэгістрацыі на этапе агітацыі. У 2012 і 2016 толькі па 1 кандыдаце пазбавілі рэгістрацыі, у гэтым жа годзе – 14. Пазбаўлялі рэгістрацыі кандыдатаў пасля папярэджанняў за “распальванне сацыяльный варожасці”, якія камісіі знаходзілі ва ўлётках, праграмах, тэлевыступах кандыдатаў.
Аналітык кампаніі Уладзімір Лабковіч лічыць, што ўлады вельмі вольна трактавалі крытэры забаронаў, такія як “распальванне сацыяльнай варожасці” ці “заклікі да змены канстытуцыйнага ладу”. Адмена рэгістрацыі кандыдатаў на такіх падставах рабілася з мэтай мінімізаваць палітычнасць перадвыбарчай кампаніі.
“Фактычна апазіцыйныя кандыдаты былі абмежаваны ў магчымасці крытыкаваць сваіх апанентаў. Складваліся вельмі абсурдныя сітуацыі, калі кандыдатаў здымалі за фразы кшталту “З Лукашэнкам няма будучыні”, ці за тое, што кандыдат казаў пра неабходнасць імпічменту прэзідэнту.
Улады зводзіліі выбары дэпутатаў, якія мусяць быць палітычным працэсам, да конкурсу лепшага сацыяльнага работніка. Усялякая палітычная павестка забаранялася. Адзіны шанец застацца ў гонцы – даносіць сацыяльную павестку. Уся гэта сітуацыя паказвае дэградацыю палітычнай барацьбы ў краіне, у прыватнасці – выбараў у парламент”, - адзначае Уладзімір Лабковіч.
Датэрміновае галасаванне
Гэты этап кампаніі праваабаронцы назвалі яе “трагічнай старонкай”, бо ў чарговы раз стала зразумела, што датэрміновае галасаванне ў Беларусі поўнасцю сябе дыскрэдытавала. У гэтым годзе была зафіксавана беспрэцэдэнтная яўка - 35,77%. Улічваючы агульную яўку ў 77,2%, агучаную ЦВК, атрымліваецца, што датэрмінова прагаласаваў нібыта амаль кожны другі. Як атрымаліся такія лічбы? За конт прымусаў галасаваць і максімальнага накручвання яўкі.
“У гэтым годзе мы ўбачылі такі “татальны загон” людзей на выбары, з якім раней не сутыкаліся”, - канстатуе Уладзімір Лабковіч. - 72% нашых назіральнікаў фіксаваліся выпадкі прымусу да датэрміновага галасавання. Кожнага трэцяга прымушалі, гучалі пагрозы, часам сітуацыя даводзілася да абсурду. У асобных выпадках, каб прымусіць пайсці на ўчастак датэрмінова, ужываўся сапраўдны псіхалагічны гвалт над выбаршчыкамі”.
Таксама вельмі моцна завышалася яўка. На кожным другім участку назіральнікі фіксавалі факты несупадзення яўкі. Рэальная яўка і лічбы, напісаныя ў выніковых пратаколах, разыходзіліся часам у 2,3,5 і нават у 11 разоў.
“Фальсіфікацыя насіла настолькі татальны характар, што адсачыць рэальную яўку немагчыма”, - адзначае праваабаронца.
Асноўны дзень галасавання
17 лістапада адным са спосабаў накруткі яўкі стала галасаванне па месцы жыхарства. Па законе, на даму мусяць галасаваць толькі тыя, хто загадзя пакінуў заяўку ў камісію. Камісія ж мусіць браць з сабой на надомнае галасаванне столькі бюлетэняў, колькі запісалася грамадзян. Аднак у гэты раз у 60% выпадкаў галасавання на даму былі зафіксаваня парушэнні: сябры УВК хадзілі амаль па ўсіх па кватэрах і настойліва прапаноўвалі прагаласаваць тым, хто не выяўляў жадання галасаваць на даму.
Што датычыцца падліку галасоў, то тут пазітыўных сюрпрызаў таксама не было. У 98,7% выпадкаў падлік галасоў не быў празрыстым. І таму казаць, што грамадзяне Беларусі змаглі скарыстацца сваім актыўным правам абіраць, не даводзіцца.
Такім чынам кампанія незалежнага назірання “Праваабарончы за свабодныя выбары” прыйшла да высновы, што Выбары дэпутатаў палаты прадстаўнікоў сёмага склікання ў цэлым не адпавядаюць шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў.
Са ўсемі вынікамі кампаніі можна азнаёміцца ў аналітычнай справаздачы па выніках назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Аналітычная справаздача па выніках назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу